Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЫСЛОВАЯ КАМІСІЯ МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РАЗГЛЯДАЕ СКАРГУ НАВУЧЭНЦАЎ МАГІЛЁЎСКАЙ СПЭЦШКОЛЫ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Адпаведныя скаргі навучэнцы накіравалі ў некалькі ўстаноў і арганізацый, у тым ліку ў Беларускі Гельсынскі камітэт. Аўтары ліста сьцьвярджаюць, што двое выхавацеляў пэрыядычна зьбіваюць іх, а адна з кіраўніц школы не рэагуе на іхныя скаргі і абражае іх.

Некалькі настаўнікаў сталі на абарону правоў дзяцей і патрапілі ў няміласьць да дырэктара. Скаргі навучэнцаў гэтай закрытай навучальнай установы не пабачылі бы сьвет, калі б адна з настаўніц не перадала іх адпаведным адрасатам. Вось што паведаміў адзін з настаўнікаў, які пажадаў застацца невядомым.

(Настаўнік: ) “Адміністрацыя, я маю на ўвазе дырэктара і ягоную намесьніцу, прыцягвала дзяцей да працы на сваіх палетках, на сваім лецішчы. Гэтае пытаньне нават уздымала пракуратура Цэнтральнага раёну Магілёва. Але справу замялі, абмежаваліся лёгкімі заўвагамі і пазбаўленьнем прэмій. І ўсё”.

Дырэктар школы Віктар Целіца адмаўляе абвінавачаньні і ўпэўнены, што скаргі абумоўлены асаблівасьцямі адзінай у Беларусі спэцыяльнай навучальнай установы. У ёй навучаюцца больш як сто дваццаць дзяцей у веку ад 11 да 15 гадоў, якія патрапілі сюды за тое ці іншае злачынства. Сытуацыю камэнтуе дырэктар школы Віктар Целіца:

(Целіца: ) “У нас рэжымная школа, і да дзяцей прад’яўляюцца павышаныя патрабаваньні. Дзеці проста маглі ўзьвесьці паклёп на дарослых. Гэта першае.

Другое. З боку дарослых могуць быць перадузятыя адносіны да пэўных супрацоўнікаў, і яны маглі паступіць пэдагагічна непрыгожа ў адносінах да дзяцей”.

Кіраўніцтва школы выказала незадавальненьне скаргамі дзяцей. Ініцыятара скаргі навучэнца Аляксея Мікалаева перавялі ў іншую групу і пазбавілі магчымасьці сустракацца з наведвальнікамі і сваякамі. Мне таксама не ўдалося сустрэцца зь ім.

Гаворыць выхавацелька Аляксея Натальля Мартысюк:
(Мартысюк: ) “Ён быў увогуле ізаляваны ад мяне. Мяне не дапускалі да ягоных родных. Ён знаходзіўся нібыта пад прэсінгам усёй групы. Калі ён толькі выходзіў з памяшканьня, усю групу саджалі на карантын, пазбаўлялі спатканьняў, тэлефанаваньняў і іншых забаваў”.

Натальля Мартысюк кажа, што пасьля абароны Аляксея ёй пагражаюць звальненьнем з працы. Тым часам у школе ў справе заявы навучэнцаў стала працаваць адмысловая камісія Міністэрства адукацыі.
XS
SM
MD
LG