Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ЗЬЯВЯЦЦА МОГІЛКІ НЯМЕЦКІХ САЛДАТАЎ, ЯКІЯ ЗАГІНУЛІ Ў ДРУГУЮ ЎСЯСЬВЕТНУЮ ВАЙНУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

У Магілёўскай вобласьці ёсьць шмат пахаваньняў нямецкіх салдатаў часоў другой усясьветнай вайны. Аднак больш за ўсё загінула немцаў у так званым “бабруйскім катле”, дзе былі расстраляныя “кацюшамі” дзясяткі тысяч. Менавіта таму зборныя нямецкія могілкі будуць разьмешчаныя ў Бабруйскім раёне, паблізу вёскі Шчаткава.

Дзесяць гадоў магілёўскія вэтэраны катэгарычна адмаўляліся даць згоду на арганізацыю нямецкіх могілак. Цяпер больш за палову вэтэранаў вырашылі, што надышоў час даць немцам такую магчымасьць. Праўда, пры ўмове, што могілкі будуць невялікія і сьціплыя.

Старшыня савету Магілёўскай абласной вэтэранскай арганізацыі Віктар Абрамаў тлумачыць зьмены ў меркаваньнях наступным чынам:

(Абрамаў: ) “Многія спасылаюцца на тое, што вайна завершылася больш за 50 гадоў таму ці на хрысьціянскія звычаі. А яшчэ больш спасылаюцца на тое, што ў некаторых раёнах, асабліва у тых, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, людзі атрымліваюць вялікую гуманітарную падамогу і менавіта зь Нямеччыны. Вэтэраны гавораць, што адмовіць ім у гэтай сьціплай просьбе зараз нават няёмка”.

Станоўча паўплывалі на сытуацыю і дадатковыя абавязацельствы, якія ўзялі на сябе немцы і іх прадстаўнікі з арганізацыі “Мэмарыял”. Іхным коштам усе парэшткі савецкіх салдатаў, якія знойдуцца, будуць пахаваныя з ваеннымі ўшанаваньнямі, немцы будуць браць удзел у добраўпарадкаваньні савецкіх ваенных могілак і рэалізацыі сацыяльных праграмаў дапамогі вэтэранам.

Аднак незадаволеных рашэньнем уладаў шмат. Адзін бабруйскі вэтэран дэманстратыўна напісаў заяву аб выхадзе з арганізацыі пасьля, як яму падалося, здрады больш ляяльных таварышаў. Многія не прымірыліся, і Віктар Абрамаў лічыць гэта натуральным.

(Абрамаў: ) “Вэтэраны, усе жыхары, якія памятаюць Вялікую Айчынную вайну, ніколі не даруюць немцам тых зьверстваў, якія яны ўчынілі на нашай зямлі. Гэтага дараваньня ніколі ня будзе”.

Дыскусіі ў вэтэранскіх арганізацыях наконт нямецкіх могілак не сьціхаюць, і старых дасюль пераконваюць быць міласэрнымі, даць магчымасьць родным нямецкіх салдатаў прыехаць на магілы. Між тым, работы ў Бабруйскім раёне на месцы арганізацыі могілак пачаліся.
XS
SM
MD
LG