Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАРЫС ХАМАЙДА РАСПАЧАЎ СЭРЫЮ “ЛІТАРАТУРНЫХ” ПІКЕТАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пачатак сваёй досыць нетрадыцыйнай несанкцыянаванай акцыі віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда адкамэнтаваў наступным чынам:

(Хамайда: ) “Лічу, што клясыкі павінныя “працаваць” на Бацькаўшчыну, а не пыліцца на кніжных паліцах. Вось і на ўсіх пікетах, якія я буду праводзіць, я буду стаяць са словамі клясыкаў. Будзем дзяліць адказнасьць разам з Янкам Купалам ды з Якубам Коласам...”

Сёньня на плякаце ў спадара Хамайды былі радкі зь вершу Янкі Купалы, напісанага яшчэ ў 1906-м годзе:

“Кепска, браткі, жыць нам стала!
Няма шчасьця, добрай долі,
Калі хлеб ёсьць – няма сала,
Хоць гарэлкі дык даволі.”

Значная частка віцяблянаў пагадзілася, што гэтыя словы актуальныя і сёньня. Некаторыя ж дадавалі, што й гарэлкі цяпер так проста ня купіш, бо ад 1-га студзеня на яе павялічаны гандлёвы падатак…

Шмат каго зь віцебскіх мінакоў узрушыў сам факт сёньняшняга зьяўленьня Барыса Хамайды ля “Сіняга дому”, бо з часу мінулых прэзыдэнцкіх выбараў старэйшы віцебскі апазыцыянэр амаль не праводзіў публічных акцыяў.

Цяпер спадар Хамайда зьбіраецца праводзіць свае “літаратурныя” пікеты цягам усяго студзеня. Дарэчы, у сваім памкненьні наблізіць да жыцьця словы клясыкаў, Барыс Хамайда пакуль што не сустрэў пярэчаньняў з боку праваахоўчых ворганаў.
XS
SM
MD
LG