Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЭТАХ ЭКАНОМІІ ЭНЭРГАРЭСУРСАЎ УЛАДЫ НАВАПОЛАЦКУ ЗАГАДАЛІ НА 30% ЗЬНІЗІЦЬ ТЭМПЭРАТУРУ ЦЕПЛАНОСЬБІТУ Ў АЦЯПЛЯЛЬНАЙ СЫСТЭМЕ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Пры гэтым плату за цяпло відавочна зьбіраюцца браць па поўным тарыфе. У выніку многія жыхары не даюць рады ўгрэцца ў сваіх кватэрах, а вучні шэрагу школаў вымушаныя займацца ў верхняй вопратцы. Сёньня тэлефоны гарадзкой газэты “Химик” не суціхаюць: людзі скардзяцца на халадэчу ў кватэрах. Але што можа зрабіць газэта, калі сам намесьнік рэдактара Яўген Парчынскі сьпіць дома ў вопратцы.

(Парчынскі: ) “У маёй кватэры на Паркавай, 4 вельмі халодна. Асабліва дрэнна пачуваюць мае дзеці: сьпяць яны пад двума коўдрамі й плачуць, што мерзнуць. А нядаўна да мяне прыходзілі сваякі, яны жывуць у іншых раёнах нашага гораду — і сказалі, што ў нашай кватэры зусім цёпла. Дык я думаю — наколькі ў іх тады халодна”.

Як жа навапалачане грэюцца? Жыхар аднаго з дамоў па вуліцы Дзяржынскага падзяліўся, па страшным сакрэце, сваім “ноў-хаў”:

(Жыхар: ) “У нашым доме цеплавыя праблемы мы вырашаем так: бярэм газавы ключ, лезем у падвал, адкрываем засоўкі і ўсё... Вада пайшла, і ў нас цёпла”.

Тэлефануюць навапалачане і ў праваабарончыя інстытуцыі, просячы, каб тыя дапамаглі абараніць іхнае права мець у кватэрах 18 градусаў па Цэльсію. У праваабарончы цэнтар “Вясна” тэлефанавалі жыхары вуліц Блахіна, дамоў №181, 185, 187 па вуліцы Маладзёвай ды іншых мясьцінаў. Пасьля таго праваабаронцы распачалі збор подпісаў гараджанаў з патрабаваньнем да мясцовых уладаў забясьпечыць у іхных кватэрах нармальную тэмпэратуру паветра.

Гаворыць прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Зьміцер Салаўёў:

(Салаўёў: ) “У Наваполацку існуе праблема таго, што людзі мерзнуць у сваіх кватэрах. Нягледзячы на тое, што ўсе плацяць аднолькава за ацяпленьне, у некаторых кватэрах +13–+15 градусаў. Нашыя ўлады не забясьпечваюць ім неабходную тэмпэратурную норму — яны такім чынам эканомяць энэрганосьбіты. А насамрэч усё гэта хлусьня, бо ніякай эканоміі не атрымліваецца. Людзі паляць электраэнэргію ацяпляльнікамі, яны паляць газ на кухнях, а ўлады тымчасам учыняюць звычайную паказуху”.
XS
SM
MD
LG