Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАСТОЎСКІХ “ДЗЯЦЕЙ ЧАРНОБЫЛЮ” ЗАБРАЛІ ПАМЯШКАНЬНЕ І ХАЦЕЛІ АДСУДЗІЦЬ ГРОШЫ


Міхал Карневіч, Горадня

У Мастах існуе адзінае ў вобласьці аддзяленьне грамадзкага аб’яднаньня дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобылю”. У раёне і цяпер жывуць больш за 300 сем’яў перасяленцаў з чарнобыльскай зоны. У 2000 годзе Сьвятлана Шульга, якая ўзначальвае фонд, атрымала ад замежных дабрачынных арганізацыяў грант на патрэбы фонду. За гэтыя грошы былі закупленыя кампутары і спартовыя трэнажоры.

Раённы аддзел адукацыі дазволіў разьмесьціць гэтае абсталяваньне ў будынку былога ціра, які доўгі час ніхто не выкарыстоўваў. Больш за тое, аддзел адукацыі пагадзіўся на тое, што арэнда памяшканьня будзе бясплатная, пры ўмове, што за кошт фонду яго адрамантуюць і акрамя чарнобыльскіх дзетак туды змогуць наведвацца ўсе жадаючыя дзеці раёну. Так і зрабілі.

Задаволеныя былі абодва бакі. Фонд “Дзецям Чарнобылю” актыўна разьвіваў свае праграмы: штогод больш за 300 дзетак з раёну адпраўлялі адпачываць за межы краіны, навучалі дзяцей працаваць на кампутарах, стварылі спартовую сэкцыю, арганізоўвалі выцечкі, дапамагалі мясцоваму Дому састарэлых, штогод 26 красавіка выходзілі на суботнік, праводзілі сэмінары, да ўсяго зь дзецьмі працаваў псыхоляг. Дзейнасьць фонду падтрымліваў асабіста загадчык РАНА Мікалай Ярмак, пра яго дзейнасьць з павагай казаў і старшыня райвыканкаму Аляксандар Кісель.

У канцы мінулага году ў Мастоўскім РАНА праводзілася франтальная праверка з абласнога ўпраўленьня адукацыі. Вольга Шабунька, якая кіравала кантралёрамі, запатрабавала ад загадчыка РАНА Мікалая Ярмака, каб той перазаключыў арэндную дамову з фондам “Дзецям Чарнобылю” — паколькі арганізацыя недзяржаўная, яна, згодна з дэкрэтам прэзыдэнта, ня мае права бясплатна карыстацца памяшканьнем. Дамова была перазаключаная. Кошт арэнды, згодна дамовы, у зімовы пэрыяд складаў прыкладна 100 даляраў.

Раённыя ўлады паабяцалі Сьвятлане Шульзе аплачваць арэнду, паколькі ў раёне няма падобнай арганізацыці, якая магла б ахапіць і заняць столькі дзяцей. Аднак, ужо празь месяц высьветлілася, што ў райвыканкаму грошай на гэта няма. Сьвятлана Шульга сабрала бацькоў і прапанавала ўносіць складкі — у год па 10 тысяч. Але й на гэта бацькі не маглі пагадзіцца. У Мастоўскім раёне ў кожнай другой сям’і адзін з бацькоў беспрацоўны. Усё ж вырашылі зьбіраць па 5 тысяч адзін раз на год.

Зразумела, што арэнду памяшканьня аплаціць ня здолелі. Да чэрвеня мінулага году іх ніхто не чапаў, але ў Мастоўскае РАНА з абласнога аддзелу народнай адукацыі прыйшла папера з загадам высяліць злосных неплацельшчыкаў і вярнуць даўгі праз суд. Неплацельшчыкаў выселілі й падалі заяву ў гарадзенскі абласны гаспадарчы суд. Усё абсталяваньне Сьвятлана Шульга забрала дамоў. Трэнажоры ляжаць у пограбе, стаяць без патрэбы кампутары. А былое памяшканьне ціра РАНА здало ў арэнду мясцоваму прадпрымальніку, які ўсталяваў там кампутары і за грошы пускае дзяцей пабавіцца.

Тымчасам, па словах Сьвятланы Шульгі, дзейнасьць і існаваньне фонду “Дзецям Чарнобылю” ў Мастах практычна прыпыненая. Судзьдзя Філіповіч, які разглядаў паўзоў, прыйшоў да высновы, што паколькі аддзяленьне фонду “Дзецям Чарнобылю” ў Мастах не зьяўлялася юрыдычнай асобай, то і грошай няма з каго патрабаваць.
XS
SM
MD
LG