Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСК: ГОРАД БАРАКАЎ І АМФІТЭАТРАЎ


Ігар Карней, Віцебск

Усё ХХ стагодзьдзе дом пад загадкавым нумарам 13/99 прастаяў нібы помнік чалавечай абыякавасьці: бальшыня мінакоў, якія штодня ідуць мімаходзь на працу, у школу альбо на канцэрт у вядомы ўсяму “славянскаму сьвету” амфітэатар, нават не здагадваюцца, што за гэтымі сьценамі ёсьць жыцьцё. І ў новае тысячагодзьдзе жыхары гэтага помніка архітэктуры (а мясцовыя ўлады надаюць яму менавіта такі статус) увайшлі без асаблівых спадзяваньняў на вырашэньне кватэрнага пытаньня.

Праспэкт Чарняхоўскага. Двухпавярховая зашмальцаваная будынiна прыцiснутая да зямлi сучаснымi гмахамi высотнага гатэлю, будынкам “Прамбудбанку”, цэнтральнага ўнiвэрсаму. За некалькi дзясяткаў мэтраў па галоўнай магiстралi праносяцца аўтамабiлi. Побач, у пабудаваным для “славянскiх базараў” шыкоўным амфiтэатры, па вечарах разрываюць паветра пераважна расейскія поп-ідалы.

Калісьці будынак быў на балянсе знакамітай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў. Але ўрэшце вайскоўцы ад балясту адмовіліся, і барак аўтаматычна трапіў пад патранаж гораду.

Мяняюцца рытмы, аўтамабiлi, будынкi офiсаў i забаўляльных установаў. Адзiн барак нязьменны. І тады, i цяпер жывуць тут людзі: як яны самi распавядаюць i паказваюць, у нялюдзкіх умовах. І чыноўнiкi вось ужо некалькi дзесяцiгодзьдзяў аднолькава спрабуюць адмахнуцца ад iхных праблемаў.

(Жыльцы бараку: ) “Яны прыяжджалі за 40 гадоў можа разоў пяць. Могуць нават носу ня сунуць, проста пастаяць на вуліцы. Мэр, прынамсі, калі прыяжджаў, то заставаўся на вуліцы. “У падлу” зайсьці, а раптам штосьцi зьверху зваліцца. Дык i прыяжджаюць, калі ўжо пачынаем тэлефанаваць, пісаць, прасіць, каб урэшце нешта зрабілі з домам. Усе, галоўнае, згодныя: “Так жыць нельга, дом непрыстасаваны для жыцьця!” І ўсё: чыркнуць нешта на даведцы і — пайшлі. Факт прызнаюць, але на гэтым усё заканчваецца”.

Надзея Марчанка распавядае, што яна праіснавала ў сьценах гэтага “помніка” 35 гадоў. Менавіта праіснавала, бо ніколі ня мела звыклых для астатніх гарадзкіх жыхароў выгодаў. Даўжэй за яе ў бараку пакуль ня вытрымаў ніхто.

(Марчанка: ) “Аварыйных будынкаў у Віцебску дастаткова шмат. Нас неаднаразова ставілі ў чаргу на капітальны рамонт, але дзесьці дом выбухнуў, дзесьці абваліўся. Грошы накіроўваюць на высяленьне тых жыльцоў. Таму і нам нічога не застаецца, як чакаць, пакуль штосьці выбухне ў нас”.

Па сутнасьці, дом пад дзiўнай нумарацыяй 13/99 — гэта колiсь неахайна замацаваныя адзін за адно столь і сьцены. Ніякіх архітэктурных аздобаў, што сьведчыла б пра нейкую культурную каштоўнасьць будынку. Толькi столi нязвыкла для нашых дзён трохмэтровыя.

Можа, таму чынавенства i называе барак архiтэктурным помнiкам? Цi не таму, што да вайны тут быў пяціпавярховы Дом афіцэраў? А ў вынiку бамбаваньняў нямецкай авiяцыяй у 1940-я гады ён быў амаль разбураны, а пасьля вайны, крыху падрамантаваўшы тыя руiны, зрабiлi зь iх двухпавярховы барак. Помнiк савецкаму будаўнiцтву i савецкай памяцi пра вайну? Але ў чаму ў “помнiку памяцi” прымушаныя жыць людзi?

(Жыльцы бараку: ) “Зьвярталіся ў Менск, але ўсё роўна адказ прыходзіць на гарвыканкам, і нам пад капіркі даюць аднолькавыя адпіскі. Калі гораду гэты дом так ужо патрэбны як гістарычная каштоўнасьць, людзей тады трэба ўладкоўвапць, даваць нармалёвае жытло. Бо нельга жывых людзей трымаць у такіх умовах. І столькі гадоў”.

Жыхары ладзяць для мяне экскурсiю. Адзiн даўжэзны калiдор, зь якога направа i налева дзьверы ў маленькiя, ня большыя за 10–12 квадратных мэтраў пакоі. Бяз кухняў, санвузлоў, вітальняў. Мыюцца людзi за фiранкамi з тазiкаў. Ваду цягаюць з вулiцы, там ёсьць калёнка. Прыбiральня — адна на ўсiх, таксама на двары, мэтраў пяцьдзясят ад дому.

У бараку жыве шмат дзяцей, якiя, натуральна, адчываюць крыўду, бо могуць параўнаць умовы жыцьця сваiх сяброў у iншых дамах. Пытаюся ў чатырохгадовай Анi, ці хацела яна жыць у іншай кватэры і чаго не хапае тут?

(Аня: ) “Так, хацелася б... Бо няма прыбіральні, ванны, вады цёплай. І халоднай”.

(Далучаюцца дарослыя: ) “Усё жыцьцё, колькі мы тут пражылі, дзецям нашым было сорамна, калі да іх заходзілі сябры. Стыдаліся гэтага дому, стыдаліся нават сказаць, дзе жывуць”.

Валеры Банадысенка вырас у 12-мэтровым пакоі за шафай — у катушку два на тры мэтры. На астатнiх пяцi мэтрах жыла маці. Адсюль Валеры сыходзіў у войска. Адсюль пасьля вясельля маці выпраўляла маладых — далей ад помніка архітэктуры. Трохгадовы сын Валерыя ня любіць бываць у бабулі: кажа, тут дрэнна пахне. Адкуль яму ведаць, што такое цьвiль…

(Банадысенка: ) “Парадаксальна, але мы плацім столькі ж, як і за выгоды ў кватэрах. Плацім за калёнку, а ёй карыстаецца паўгораду: цырк прыяжджае — жывёлаў пояць. Спартоўцы рэгулярна мыцца прыходзяць. Машыны тут мыюць. Вада лiецца ўдзень і ўначы, а плацяць жыльцы”.

Людзi спадзяваліся, што, будуючы для фэстывалю амфiтэатар, улады зьнясуць iхны барак. Бо сорамна, каб Вiцебск выглядаў “горадам кантрастаў”. Але чыноўнiкi вырашылi iнакш.

(Жыльцы бараку: ) “Кожны год напярэдаднi “Славянскага базару” робяць касмэтычны рамонт фасаду: прыедуць, пафарбуюць бардур і ўваходныя дзьверы. Праз год зробяць яшчэ адну парнаграфію: намалююць па пэрымэтру сьценаў белую палоску — упрыгожылі, значыць. І тады збоку ён быццам нагадвае помнік архітэктуры, які, напэўна, вельмі дарагі нашым уладам. А тое, што праводцы ўжо 50 гадоў, і калі сьвет патухне, мы баімся да шчытка нават падыходзіць, нікога не хвалюе”.

Цяпер у доме 13/99 на праспэкце Чарняхоўскага жыве восем сем’яў. Прапісана — каля паўсотні чалавек. Усе яны сталіся закладнікамі сытуацыі з забаронай апэрацыяў продажы ці абмену кватэраў у дамах такога кшталту.

Сьвятлана ў бараку вырасьціла трох дачок. Муж загінуў у Афганістане, таму змагацца за лепшыя ўмовы даводзіцца самой.

(Сьвятлана: ) “Кватэры гэтыя не прыватызуюцца, нельга іх нам прыватызаваць. Мяняць нельга, прадаваць нельга. Прапісваць нікога таксама нельга. І ўжо колькі гадоў адмахваюцца, кажуць, што дом аварыйны”.

Менавіта вялікая колькасьць прапісаных жыхароў і палохае чыноўнікаў. Паводле заканадаўства, калі ёсьць рашэньне дом зносіць, то паляпшаць умовы неабходна ўсім. Нават у тых, хто дом гэты пакiнуў i здымае кватэры ў iншых месцах, прыпiска застаецца тут. Спадзяваньне чыноўнiкаў, што адцягваньне часу дапаможа разьвязаць праблему, дарэмнае: меней людзей у бараку на Чарняхоўскага ня стане.

І ў той жа самы час, калi сярод прыбранай публiкi ў амфiтэатры атрымліваюць задавальненьне начальнiкi ўсiх рангаў, iм у амфітэатар “Славянскага базару” пiшуць людзi лiсты-просьбы, заклiнаньнi, стогны. З бараку пад нумарам 13/99. З адлегласьцi некалькiх соцень мэтраў…
XS
SM
MD
LG