Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАБОЧЫЯ ААТ “МАГІЛЁЎДРЭЎ” СПЫНІЛІ ВЫТВОРЧАСЬЦЬ, КАБ СПЫТАЦЬ У КІРАЎНІЦТВА ПРА ЗАПАЗЫЧАНЫЯ ЗАРОБКІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Заробак на прадпрыемстве “Магілёўдрэў” ня выплацілі яшчэ за верасень. У залік гэтага месяца рабочыя атрымалі авансы ад 20 да 50 тысяч рублёў. Аднак за верасень ім вінны ўвогуле яшчэ 80 мільёнаў.

Калі на прадпрыемстве будуць выплачваць заробкі? Каб атрымаць канкрэтны адказ на гэтае пытаньне, панядзелак раніцай рабочыя некалькіх цахоў “Магілёўдрэва” спынілі вытворчасьць. Яны казалі, што ім надакучыла абмяркоўваць сваё безграшоўе ў курылках і хочацца напэўна ведаць пра пэрспэктывы.

Больш за гадзіну людзі чакалі прыходу сваіх кіраўнікоў і яшчэ больш за гадзіну доўжылася гутарка з рознымі начальнікамі.

Пра папераджальны страйк на прадпрыемстве ў мясцовыя сродкі масавай інфармацыі паведаміла ананімная крыніца, а кіраўніцтва “Магілёўдрэва” расцаніла гэта як правакацыю.

Рабочым урэшце паабяцалі, што заўтра яны атрымаюць поўны заробак за верасень, і празь некалькі тыдняў — грошы, якія заробленыя ў кастрычніку і лістападзе разам.

Цяпер на прадпрыемстве “Магілёўдрэў”, дзе вырабляюць мэблю, працуе больш за тысячу чалавек. З кастрычніка гэтае адкрытае акцыянэрнае таварыства праходзіць працэдуру банкруцтва з ініцыятывы самога працоўнага калектыву.
XS
SM
MD
LG