Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ БРАКУЕ ЛЕКАЎ ДЛЯ ДАПАМОГІ ХВОРЫМ НА АНКАЛЯГІЧНЫЯ ЗАХВОРВАНЬНІ


Казімер Яноўскі, Гомель

З прычыны адсутнасці належнага фінансаваньня ў Мазырскім анкалягічным дыспансэры сёлета скарочаная колькасьць ложкаў для лячэньня хворых. Не рамантуецца састарэлае абсталяваньне для дыягностыкі. Скасаванае ўзьвядзеньне адмысловага будынку для дыспансэру, прадугледжанага дзяржаўнай праграмай "Анкалёгія”.

Паколькі цяперашнія ўмовы лячэньня хворых у Мазыры не адпавядаюць ніякім стандартам, галоўны анколяг вобласьці Тацяна Прыгожая прапанавала на калегіі рэгіянальнай управы аховы здароўя наагул зачыніць мызырскі дыспансэр, а хворых вазіць на лячэньне ў абласны цэнтар.

Праўда, і тут сытуацыя, асабліва з забесьпячэньнем лекамі, выглядае ня лепшым чынам. Найперш гэта датычыцца прэпаратаў для хіміятэрапіі. Распавядае Тацяна Прыгожая.

(Прыгожая: ) “На 30% патрэбы задавальняе рэспубліка. Часткова купляем самі. Але дэфіцыт у леках ёсьць. Бываюць і перабоі. Ёсьць праблемы і з шэрагам гарманальных прэпаратаў”.

Галоўны лекар мазырскага дыспансэру Аляксандар Вашкевіч лічыць, што ягоная ўстанова, хаця і не адпавядае сучасным патрабаваньням, але зачыняць яе нельга.

(Вашкевіч: ) “Закрыцьцё Мазырскага дыспансэру прывядзе да таго, што большая частка жыхароў Палескага рэгіёну – а гэта найперш людзі ва ўзросьце, сямейны бюджэт якіх абмежаваны пэнсіяй, – пазбавяцца адпаведнай дапамогі. Яны ня змогуць паехаць ні ў Гомель, ні ў Менск, каб атрымаць спэцыялізаваную дапамогу па анкалёгіі. Узрасьце запушчанасьць хваробаў. Па сутнасьці, гэта прывядзе да дыскрымінацыі жыхароў палескага рэгіёну ў справе аказаньня анкалягічнай дапамогі”.

З пачатку году на рак у рэгіёне захварэлі звыш 3 тысячаў 800 чалавек. Найбольшая колькасьць злаякасных новаўтварэньняў выяўляецца ў жыхароў Брагінскага, Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў. Пераважаюць рак страўніка, лёгкіх і, як ні дзіўна, скуры. Спэцыялісты-практыкі заяўляюць, што ім патрэбныя навуковыя абгрунтаваньні прычынаў такіх захворваньняў. Ніхто пакуль ня хоча верыць, што збываецца прагноз амэрыканскага навукоўца Робэрта Гейла, які заяўляў, што Чарнобыль спрычыніцца да значнага падвышэньня колькасьці анкалягічных захворваньняў.
XS
SM
MD
LG