Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ РАСПАЧАЎСЯ СУД НАД СЯБРАМІ АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Судовы працэс над сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які распачаўся сёньня ў Чыгуначным раённым судзе, расплянаваны на два дні. І двое з васьмёх удзельнікаў несанкцыянаванага пікету ўжо атрымалі прысуды: судзьдзя Сьвятлана Туфан вынесла папярэджаньне Тацяне Зайковай ды Эле Канавалавай. Справу Фёдара Бакунава судзьдзя вярнула на дапрацоўку ў раённы аддзел міліцыі, бо ў пратаколе ягонага затрыманьня выяўленыя недакладнасьці. З гэтай прычыны разгляд справы спадара Бакунава, які ўжо мае папярэджаньні за правядзеньне падобных акцыяў, пераносіцца на нявызначаны тэрмін.

Сьведкам на судовы працэс быў выкліканы ўчастковы міліцыянт, які праводзіў затрыманьне пікетоўцаў. Але ягоныя сьведчаньні не спатрэбіліся, бо ніхто зь сяброў АГП свайго ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце не адмаўляў.

Дарэчы, сустрэўшыся пазьней у судовым калідоры, абвінавачаныя апазыцыянэры ды сьведка-міліцыянт адразу паразумеліся ды нават абмеркавалі некаторыя агульныя праблемы: міліцыянт паскардзіўся на заўсёдныя затрымкі заробкаў, на тое, што ў пастарунку няма паперы, каб пісаць пратаколы, а замест кампутара — адна на ўсіх старая друкарка. У адказ сябры АГП уручылі яму візытоўку з адрасам віцебскага офісу ды запрасілі да ўдзелу ў наступных пікетах.

Працяг судовага працэсу над удзельнікамі несанкцыянаванага пікету 30 кастрычніка адбудзецца заўтра.
XS
SM
MD
LG