Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацкай школе ўзьнікла суполка Свабоднага прафсаюзу


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Спробы стварэньня арганізацый Свабоднага прафсаюзу ў настаўніцкім асяродзьдзі рабіліся і раней. Звычайна ў суполкі такія ўваходзіла пяць-шэсьць чалавек, якія адразу ж зазнавалі ўціск з боку адміністрацыі, і арганізацыі такія ціха каналі. Гэтым разам заявы аб уступленьні ў Свабодны прафсаюз падаў 51 школьны работнік. У адначас кіраўнік суполкі Аркадзь Кругляк афіцыйна папярэдзіў адміністрацыю, што ў выпадку, калі чальцы прафсаюзу зазнаюць адміністрацыйны ўціск, адміністрацыя будзе несьці крымінальную адказнасьць.

Утварылася суполка не спантанна. Яшчэ ў траўні настаўнікі зьвярталіся з афіцыйным лістом да кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў, у якім пратэставалі супраць заганнай практыкі абраньня старшыняў гаркаму прафсаюзу не на прафсаюзнай канфэрэнцыі, як таго патрабуе статут, а на пасяджэньні прэзыдыюму гаркаму. Менавіта такім чынам быў абраны прафсаюзны кіраўнік у Полацку. Настаўнікі тады папярэдзілі: калі іхны пісьмовы зварот застанецца без адказу, яны выйдуць з афіцыйнага прафсаюзу. Ліст застаўся без адказу. А неўзабаве, цяпер ужо ў гарадзкі аддзел адукацыі і гаркам прафсаюзу, зьвярнуліся школьныя прыбіральшчыцы, якія скардзіліся, што ім даводзіцца працаваць за так званых «мёртвых душ». Свой зварот яны падалі і ў пракуратуру. Усё гэта і стала каталізатарам працэсу стварэньня ў школе суполкі Свабоднага прафсаюзу. Пры гэтым кіраўнік суполкі Аркадзь Кругляк прадказвае хуткі развал афіцыйных прафсаюзных структураў.

(Кругляк: ) «Вы ведаеце, што сёньня ідзе адміністраваньне прафсаюзаў, у тым ліку і нашага галіновага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі. Напрыклад, у нашым горадзе прэзыдыюм гаркама ачольвае на паўстаўкі мэтадыст гарадзкога аддзела адукацыі, у прэзыдыюм гаркаму ўваходзяць дырэктары школ й работнікі аддзела адукацыі. Зразумела, што такі прэзыдыюм будзе абслугоўваць, у першую чаргу, інтарэсы наймальніка, а не шараговых работнікаў, што па сваёй сутнасьці супярэчыць прынцыпам і задачам прафсаюзаў».

Дадамо, што суполкі Свабоднага прафсаюзу цяпер ствараюцца і ў іншых школах гораду.

XS
SM
MD
LG