Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАНЫЯ ЎСЕ УДЗЕЛЬНІКІ АКЦЫІ, ПРЫСЬВЕЧАНАЙ ДНЮ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Васьмёра віцебскіх сяброў АГП, якія распачалі сваю акцыю а 14-й дня, ужо а 15-й мусілі завяршыць яе пад прымусам міліцэйскага нараду.

Ужо ад самага пачатку пікет пад бел-чырвон-белым сьцягам ды партыйным сьцягам АГП сабраў вакол сябе мноства гледачоў. Тэмы іхных гутарак з партыйцамі ў асноўным пераклікаліся са зьместам плякатаў: “Абаронім палітыкаў ад перасьледу і татальнага кантролю ўладаў”, “У Беларусі няма разумнай палітыкі ды эканомікі, але ёсьць дыктатура”, “Што з намі будзе, калі мы будзем маўчаць?”

Але найбольшая палітычная актыўнасьць віцяблянаў выявілася тады, калі да пікетоўцаў падышоў маёр міліцыі ды прапанаваў ім разысьціся. Некалькі дзясяткаў чалавек спрабавалі давесьці міліцыянту, што пазыцыя пікетоўцаў слушная, прычым аднолькава шчыра баранілі сяброў АГП і пэнсіянэры, і моладзь. Праз колькі хвілін побач спынілася міліцэйская машина, ды ўдзельнікаў пікету змусілі паехаць у пастарунак. Абураныя гледачы, асабліва тыя, што бачылі затрыманьне апазыцыянэраў упершыню, не разыходзіліся яшчэ хвілін з 20.

У Чыгуначным райаддзеле міліцыі на Элу Канавалаву, Тацяну Зайкову, Фёдара Бакунова, Вадзіма Краўцова, Алега Шульгіна, Яўгена Канстанцінава ды Аляксандра Бакуліна склалі пратакол за парушэньне закону пра парадак правядзеньня вулічных акцыяў. Нагадаем, што ва ўсіх васьмі затрыманых сяброў АГП ужо ёсьць падобны досьвед: шасьцёра зь іх маюць судовыя папярэджаньні, а дваім за ўдзел у несанкцыяваных акцыях прысуджаныя грашовыя штрафы.
XS
SM
MD
LG