Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАНДАЛ ВАКОЛ ГАБРЭЙСКІХ МОГІЛАК У МАГІЛЁВЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Габрэйская грамада спрабуе пераканаць улады абласнога цэнтру ў тым, што нельга хаваць людзей на месцы старых магілаў. Раней габрэям удалося дасягнуць дамоўленасьці з гарадзкім прадпрыемствам рытуальных паслугаў з дапамогай інвэстараў з Ізраілю і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Рафаіл Райхенберг і Марк Джытлер выдаткавалі на добраўпарадкаваньне магілёўскіх габрэйскіх могілак каля 40 тысяч даляраў. З адной умовай — спыніць пахаваньні на касьцях.

Кіраўнік грамады Навум Іофэ настойвае на тым, што дамову гарадзкія ўлады парушылі.

(Іофэ: ) “Апошні выпадак: у суботу зноў рабілі пахаваньне на касьцях. Дакапаліся да чэрапа, разрубілі яго рыдлёўкай і паспрабавалі ўсё схаваць”.

Габрэйскім могілкам у цэнтры Магілёва больш за 200 гадоў. Зьнішчэньне старой часткі пачалося ў 1970-я гады, і спыніць гэты працэс не ўдаецца і дасюль.

Днямі магілёўскі гарвыканкам надаў могілкам статус грамадзкіх і дазволіў там пахаваньні блізкіх сваякоў у тых агароджах, якія ўжо ёсьць. Габрэі называюць гэта “чарговым злом”, бо цяпер усе новыя пахаваньні апраўдваюць гэтым дакумэнтам.

У габрэйскай грамадзе ўзгадваюць пра тое, што ў пачатку 70-х гадоў у цэнтры Магілёва былі зруйнаваныя іншыя старыя могілкі, і на іх месцы пабудаваны гаркам партыі і зроблены сквэр. Навум Іофэ быў сьведкам таго, як раскідвалі парэшткі й разбуралі помнікі, і кіраўніцтва гораду лічыла гэта звычайнай справай.

(Іофэ: ) “Людзі псыхалягічна прывучаныя за гады савецкай улады, што чалавечае жыцьцё, чалавечае мінулае нічога не каштуе, і карані менавіта ў гэтым”.

Таму цяперашнія праблемы на габрэйскіх могілках Навум Іофэ называе лягічным працягам.
XS
SM
MD
LG