Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДВОЕ СУТАК ГАЛАДАЕ ЗА КРАТАМІ ВАЛЕРЫ ЛЕВАНЕЎСКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Валерыя Леванеўскага зьмясьцілі ў мінулую сераду ў спэцпрыёмнік Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Горадні. Зь першага дня ён пачаў галадаць. Сёньня перадаў на волю цыдулку. Папрасіў, каб яму прынесьлі некаторыя неабходныя рэчы, а таксама мабільны тэлефон. Паколькі нідзе не ўказана, што яго мець нельга. Каб атрымаць дазвол затэлефанаваць кудысьці, трэба кожны раз пісаць заяву.

Гаворыць жонка Валерыя Марына, яна сёньня хадзіла ў спэцпрыёмнік:

(Леванеўская: ) “Цяпер у Кастрычніцкім РАУС новы парадак. Для таго, каб трапіць да начальніка спэцпрыёмніка, трэба затэлефанаваць па ўнутраным тэлефоне, выклікаць яго. Тады можна туды заходзіць. Раней было прасьцей”.

Марына Леванеўская гаворыць, што нават наведваць спэцпрыёмнік непрыемна. Цяжка ўявіць, як там можна знаходзіцца. Незразумела, чаму арыштаваных за дробныя парушэньні ўтрымліваюць у такіх нялюдзкіх умовах. Добра хоць перадачу ўзялі — не дазволілі толькі перадаць запальнічку і мабільны тэлефон. Гаворыць Марына Леванеўская:

(Леванеўская: ) “Мы перадалі сокі — два пачкі, мінэральную ваду, паперу, аўтаручкі, Грамадзянскі кодэкс. Чыстую бялізну: фуфайка, нагавіцы спартовыя, шкарпэткі. Будзем кожны дзень яму сокі насіць. Там жа есьці немагчыма. Там паглядзіш на сам гэты будынак, ужо пах нават нядобры. У мяне ў самой агіда”.

Працягвае Аляксандар Васільеў — кіраўнік незарэгістраванага прафсаюзу рынка “Паўднёвы”. Яму давялося паразмаўляць з чалавекам, які знаходзіўся ў камэры разам зь Леванеўскім:

(Васільеў: ) “Гэты бомж, яго клічуць Мікалай, ён ня так даўно вызваліўся зь месцаў зьняволеньня. Вось яго пасадзілі на сем дзён. У яго там процьма хваробаў. У тым ліку, зь ягоных словаў, жаўтуха. Яго, Валерыя Леванеўскага і яшчэ двох трымалі ў пакойчыку — шэсьць квадратных мэтраў. Паводле словаў гэтага Мікалая, там увогуле дыхаць немагчыма, пах жудасны. І ён калі выйшаў адтуль, у яго кружылася галава. І кажа: ня ведаю, як там Валеры далей будзе. Відаць, так адмыслова робіцца, каб неяк зламіць Валерыя”.

Валеры Леванеўскі, дарэчы, падаў на спэцпрыёмнік пазоў на 15 мільёнаў рублёў — як кампэнсацыю за кепскія ўмовы ўтрыманьня. 15 сутак адміністрацыйнага арышту ён адбыў у спэцпрыёмніку ўлетку. Суд першай інстанцыі адхіліў пазоў. Але Валеры мае намер працягваць судзіцца са спэцпрыёмнікам, у якім ён сёньня галадае.
XS
SM
MD
LG