Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ НА 15 СУТАК АРЫШТАВАНЫ ВАЛЕРЫ ЛЕВАНЕЎСКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гэта будзе трэцяя галадоўка Валерыя Леванеўскага за кратамі. Апошні раз ён галадаў 15 сутак у чэрвені. Яго арыштавалі нібыта за непавагу да суду. Першы раз, тры гады таму, сцэнар быў падобны. Міліцыя вырашыла, што Леванеўскі арганізаваў мітынг прадпрымальнікаў на ганку гарвыканкаму, прысуд — 13 сутак арышту. Судзіў яго тады Сяргей Ярашэвіч, які перайшоў у калегію адвакатаў і сёньня абараняў Валерыя Леванеўскага.

Адвакат давёў у судзе, што 11 кастрычніка несанкцыянаванага мітынгу не было. Непадалёк ад аблвыканкаму сабраліся прадпрымальнікі і размаўлялі паміж сабой, чакаючы прадстаўнікоў уладаў. Сам Леванеўскі знаходзіўся там ня ўвесь час.

Судзьдзя Натальля Козел падкрэсьліла, што Валеры Леванеўскі падаваў заяву, каб правесьці менавіта 11 кастрычніка мітынг прадпрымальнікаў. Дазволу яму не далі, але прадпрымальнікі ўсё адно сабраліся, хаця і ў іншым месцы — выходзіць, мітынг адбыўся. А сам Леванеўскі, паводле судзьдзі, “фактычна выканаў функцыі арганізатара”.

Гаворыць Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “У прынцыпе ўжо да судовага рашэньня мне быў вядомы вынік. Справа ў чыстым выглядзе заказная. Нават калі б я ня быў там, мне ўсё адно далі б 15 сутак. Таму тут няма нічога дзіўнага. Зь першага дня абвяшчаю галадоўку. Трэба ж неяк змагацца з існуючым заканадаўствам і самавольствам у судзе”.

Пасьля гэтых словаў Валерыя Леванеўскага забралі міліцыянты, каб даставіць у спэцпрыёмнік. Судзьдзя Козел палічыла ўдзельнікам мітынгу нават Аляксандра Антанюка — кіраўніка рэгіянальнага прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту. Ён прыйшоў, каб паназіраць за падзеяй і выступіў у судзе ў якасьці сьведкі. Гаворыць Аляксандар Антанюк:

(Антанюк: ) “Ніякіх прыкметаў мітынгу на гэтым мерапрыемстве не было — паколькі людзі стаялі, размаўлялі. Ніякія праблемы не абмяркоўваліся. Леванеўскі фактычна не прадпрымаў ніякіх дзеяньняў. Не было выступоўцаў, транспарантаў з патрабаваньнямі. Маё асабістае меркаваньне: мясцовая ўлада перастрахоўваецца. Стараецца запалохаць”.
XS
SM
MD
LG