Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ СКАРАЧАЮЦЬ РАДЫЁЛЯГАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

У аб’яднаньні “Аблхарчпрам” ужо скасаваны інжынэр-радыёляг. Ягоныя абавязкі ўсклалі на мікрабіёляга Галіну Дрэбезаву. Такім чынам паступаюць і на малочных заводах райцэнтраў.

У гомельскім акцыянэрным таварыстве “Малако” адмыслоўцаў-радыёлягаў пераводзяць у шараговыя лябаранты. Распавядае Людміла Саўчанка:

(Саўчанка: ) “Мы ўжо шаснаццаць гадоў на гэтай працы. Усе з вышэйшай адукацыяй, усе выдатныя радыёлягі. Цяпер рыхтуецца загад новага генэральнага дырэктара Раманенкі пра скарачэньне спэцыялістаў, і гэта на 100 адсоткаў адаб’ецца на радыялягічнай службе. Інжынэраў-радыёлягаў ня будзе. Нас пераводзяць у лябаранты. Нам і маральна цяжэй, і матэрыяльна пацерпім”.

Начальніца вытворчай лябараторыі Валянціна Сухарукава сьцьвярджае, што, нягледзячы на рэарганізацыю, парадак радыялягічнага кантролю будзе захаваны.

Цяпер у вобласьці большасьць малака, якое ідзе на харчы, не перавышае ўзроўню забруджваньня 37 бэкерэляў на кіляграм. Калі малако больш бруднае, зь яго робяць масла. Як сьцьвярджае Сухарукава, утрыманьне радыенуклідаў у ім не перавышае дапушчальнай нормы — 100 бэкерэляў.

Прадукты “Аблхарчпраму” ідуць і ў Менск. Сталічны малаказавод №1 у якасьці дзяржзаказу прымае на перапрацоўку і гомельскае малако.

У мэдычным інстытуце я пацікавіўся залежнасьцю стану здароўя ад забруджанага харчаваньня. Падчас рэктарства цяпер асуджанага прафэсара Бандажэўскага інстытут актыўна займаўся вывучэньнем узьдзеяньня радыяцыі на арганізм чалавека.

Распавядае кандыдат мэдычных навук Сьвятлана Іўкіна:

(Іўкіна: ) “Калі правяралі дзяцей на назапашваньне радыенуклідаў, тых, хто ў забруджаных раёнах харчаваўся хатнім малаком, іншымі прадуктамі з падворкаў, радыенуклідаў у іх арганізьме было нашмат больш. Уплыў відавочны. Што да харчоў прамысловай вытворчасьці, то магчымасьці вывучыць, падсумаваць у нас не было. Вядома, прадукты трэба правяраць. Асноўную дозавую нагрузку мы атрымліваем цяпер з харчамі”.
XS
SM
MD
LG