Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЮДЖЭТНІКІ БЯЛЫНІЦКАГА РАЁНУ БЯСПЛАТНА ПРАЦУЮЦЬ НА ЎБОРЦЫ ЛЬНУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Сельскім гаспадаркам дапамога гораду зараз нявыгадная. Раней школьнікі, студэнты і рабочыя працавалі за харчы, цяпер усе патрабуюць грошы, якіх у калгасаў няма. Другая прычына — гэта падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці. У сельскіх гаспадарках, да прыкладу, вырошчваецца значна меней бульбы і льну, меней патрабуецца і рабочых рук.

Аднак здараюцца і аўралы, як зараз у Бялыніцкім раёне. Там трэба тэрмінова падняць амаль 400 гектараў ільнотрасты, бо ўраджай можна страціць пад сьнегам.

Бялыніцкія ўлады рэкамэндуюць усім установам раённага цэнтру адпраўляць на палі штодня траціну сваіх супрацоўнікаў. Для кожнай арганізацыі ёсьць плян, прыблізна 300 кіляграмаў ільнотрасты на чалавека. На палях працуюць журналісты, пэдагогі і мэдыкі, і ніхто не адмаўляецца ехаць у калгасы, бо ніхто ня хоча непрыемнасьцяў ад адміністрацыі і мясцовай улады.

Супрацоўнікам бюджэтных арганізацыяў, якія маюць цьвёрдыя аклады, заяўляюць у райвыканкаме, што гэтая праца аплачвацца ня будзе. Ёсьць намеры заплаціць тым, хто атрымлівае заробак у адпаведнасьці з выкананымі аб’ёмамі, але грошы, які паабяцаў ільнокамбінат, пакуль яшчэ ў далёкай пэрспэктыве.

У Бялыніцкім упраўленьні сельскай гаспадаркі хацелі даслаць на ўборку льна нават школьнікаў, але не зрабілі гэта з прычыны халоднага надвор’я. У суседнім Круглянскім раёне гэтай восеньню свае пратэсты выказвалі бацькі, дзеці якіх у замаразкі працавалі на бульбе. Людзям тлумачаць, што дапамагаць сялу — гэта ня проста традыцыя, а неабходнасьць, бо ў гаспадарках зусім не засталося рабочых-паляводаў. Гэта цяжкая, малаплаатная праца.

Калгасы і саўгасы, у тым ліку і Бялыніцкага раёну, маглі б вырашыць свае праблемы зь недахопам працоўнай сілы з дапамогай рэгіянальных цэнтраў занятасьці. Аднак робяць гэта вельмі неахвотна. Справа ў тым, што беспрацоўным трэба абавязкова заплаціць, а грошай няма. Таму добраахвотна-прымусовыя работы, спадчына савецкага часу, усё яшчэ выкарыстоўваюцца ў сельскіх раёнах.
XS
SM
MD
LG