Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЁВЕ ЭКСПАНУЮЦЦА ФОТАЗДЫМКІ ГАБРЭЯЎ, ЯКІЯ ЗРАБІЎ У 1941 ГОДЗЕ ФОТАКАРЭСПАНДЭНТ ВЭРМАХТА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Выстава прысьвечаная 61-й гадавіне першага масавага расстрэлу магілёўскіх габрэяў. У першыя дні кастрычніка 1941 году было зьнішчана больш за 2 тысячы чалавек, у асноўным жанчын, дзяцей і старых.

Таму на здымках, якія рабіў для прапагандысцкіх мэтаў і публікацыі ў нямецкіх выданьнях служачы вэрмахту — твары людзей, якія наўрад ці выжылі, і горад, які потым быў разбураны.

Выстава нагадвае людзям пра габрэйскую традыцыю — лічыць чалавека жывым, пакуль жывая памяць пра яго, — так гаворыць кіраўнічка праграмы “Ўрокі Галакосту” Магілёўскай габрэйскай грамады Іда Шэндэровіч.

(Шэндэровіч: ) “Ад многіх людзей не засталося ні памяці, ні імя. Наша задача — знайсьці імёны гэтых людзей, аднавіць іх”.

Сям’я магіляўчаніна Давіда Зэлікава загінула ў магілёўскім гета. З васьмі дзяцей выратаваўся ён сам, таму што працаваў на ваенным заводзе, і сястра Бася, якая пазьбегла сьмерці проста цудам.

Давід Абрамавіч распавядае гісторыю выратаваньня сястры:

(Зэлікаў: ) “Яна была бялявая, і маці сказала ёй, што, магчыма, у табе не распазнаюць габрэйку. Ідзі і стань там, дзе рускія мыюцца ў лазьні. Яна пайшла і стала там. І бачыла, як пагрузілі ў “душагубку” і сясьцёр, і дзяцей усіх, і маці. І яна засталася адна”.

9-гадовай дзяўчынцы ахвотна давалі харчы, але прасілі сысьці, каб не спалілі ўсю вёску. Бася ўрэшце знайшла прытулак у беларускай жанчыны. Аднак і пасьля вайны пад уражаньнем трагедыі сваёй сям’і жанчына заўсёды хавала ад людзей сваю нацыянальнасьць.

75-гадовы Давід Зэлікаў ходзіць да масавых пахаваньняў ахвяраў Галакосту, каб памянуць сваю сям’ю.

(Зэлікаў: ) “У сэрцы боль ды сьлёзы. Ад таго, што нават ня ведаю, дзе, у якім месцы пахаваныя. Нічога ня зробіш. Камяк сьлёз толькі ў душы, і ўсё…”

Гісторыі людзей, якія сталіся сьведкамі генацыду і выжылі ў гета, іх сваякоў і сяброў разам зь нямецкімі фотаздымкамі прадстаўленыя зараз на магілёўскай выставе.
XS
SM
MD
LG