Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ СЬВЕТЛАГОРСКАЕ АБ’ЯДНАНЬНЕ “ХІМВАЛАКНО”


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Для трываласьці ў пабелку дадавалі дарагую водаэмульсійную фарбу. А ўчора працаўнікі “Хімвалакна” нават нажніцамі выстрыгалі газонную траву на сваёй тэрыторыі.

Ранейшую двухразовую адтэрміноўку візыту дасьведчаныя сьветлагорцы зьвязвалі з тым, што пасьля аб’яўленага кіраўніком дзяржавы акцыянаваньня нафтахімічнай галіны не было рэальных інвэстыцыяў.

У прыватнасьці, на рэканструкцыю аднаго “Хімвалакна” ў Сьветлагорску патрабуецца каля 60 мільёнаў даляраў. Ураду ж удалося падпісаць толькі пагадненьне з Кувэйцкім фондам арабскага эканамічнага разьвіцьця на 16 з паловай мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Яны прызначаныя для рэканструкцыі заводу поліэфірных тэкстыльных нітак. Цяпер гэтыя сьветлагорскія ніткі нават на расейскім рынку выцясьняе турэцкая прадукцыя, таньнейшая на 20–30%. Таму экспарт аб’яднаньня скарачаецца, а даўгі дасягнулі 5 мільярдаў рублёў.

Мяркуецца, што 90% кувэйцкага крэдыту пойдзе на набыцьцё абсталяваньня ў Заходняй Эўропе для мадэрнізацыі вытворчасьці неканкурэнтаздольных поліэфірных нітак, астатняя частка — на інжынэрныя работы.

Першая транша крэдыту чакаецца неўзабаве. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў сьветлагорцам, што адпаведны ўказ на выкарыстаньне валюты будзе падпісаны. Але адказнасьць за рэканструкцыю ўсклаў на генэральнага дырэктара Мікалая Маркава.

Між тым, завод поліэфірных нітак — меншая частка хімічнай вытворчасьці, што патрабуе мадэрнізацыі. Даўно састарэў завод штучнага валакна. Аднак на ягоную рэканструкцыю сродкаў пакуль не прадбачыцца. Нічога пэўнага на гэты конт не сказаў і кіраўнік дзяржавы.

Затое падчас гутаркі з рабочымі Аляксандар Лукашэнка чарговы раз абяцаў, што ўсе даўгі ў Беларусі па заробку будуць выплачаныя да 1 студзеня. У Сьветлагорску спадзяюцца, што мелася на ўвазе менавіта 1 студзеня 2003 году.
XS
SM
MD
LG