Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БІЗНЭСОЎЦЫ ПОЛАЧЧЫНЫ ПАСТАНАВІЛІ СТРАЙКАВАЦЬ АД 1 КАСТРЫЧНІКА


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Страйк будзе доўжыцца 16 дзён, пры гэтым ніякіх падаткаў дзяржаве прадпрымальнікі вырашылі ня сплачваць. Сутнасьць патрабаваньняў дробных бізнэсоўцаў выклаў старшыня Незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў Полаччыны Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Нашыя патрабаваньні наступныя: адмена рашэньня аб увядзеньні касавых апаратаў і прымусовым сацыяльным страхаваньні; спыненьне бясконцых падатковых ды іншых праверак прадпрымальнікаў; зьніжэньне стаўкі агульнага падатку, а таксама спыненьне перасьледу актыву і шараговых прадпрымальнікаў — удзельнікаў акцыяў пратэсту”.

На сходах таксама была выпрацаваная праграма змаганьня за свае правы на блізкую будучыню. У выпадку, калі кастрычніцкая акцыя пратэсту ня дасьць плёну, прадпрымальнікі мерацца распачаць з 1 лістапада чарговы 16-дзённы страйк. Калі і ў гэтым выпадку ўлады ня пойдуць ім насустрач, аналягічны страйк пройдзе ў сьнежні, а з 1 студзеня наступнага году страйкавая акцыя набудзе бестэрміновы характар.

Заўважым, што апошнім часам стаўленьне ўладных структураў да згаданых праблемаў паволі мяняецца. Так, учора абласны савет дэпутатаў скасаваў адзін з пунктаў свайго папярэдняга рашэньня аб увядзеньні каэфіцыенту за перавышэньне памеру гандлёвага месца. Дагэтуль аніводнага свайго рашэньня, датычнага прадпрымальніцкай дзейнасьці, аблсавет не скасоўваў.
XS
SM
MD
LG