Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАЗЬ БЕЛАРУСКА-ЎКРАІНСКУЮ МЯЖУ МОЖНА ПРАВЕЗЬЦІ ТОЛЬКІ 10 КІЛЁ БУЛЬБЫ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Многія гамельчукі яшчэ з савецкага часу маюць на тэрыторыі Ўкраіны лецішчы і бацькоўскія сядзібы. На іх традыцыйна вырошчваецца бульба ды іншая гародніна. Аднак у сувязі з указам Лукашэнкі праз мытню цяпер гараджанін можа правезьці толькі 10 кіляграмаў бульбы.

У сэзон нарыхтоўкі гэтай традыцыйнай для беларусаў прадукцыі, калі ледзь ня кожная сям’я назапашвае на зіму 300–400 кіляграмаў бульбы, абмежаваньне выглядае сапраўдным зьдзекам. Распавядае жыхарка абласнога цэнтру спадарыня Малашчанка, якая мае сваяцкія сувязі з украінскім паселішчам Дабранка:

(Дабранка: ) “Мне хацелася б, каб разабраліся, што гэта за такія дзікія законы. У Дабранцы палова Гомелю мае свае зямельныя ўчасткі. І іх на мяжы вось так матаюць. Гэта нейкія шкодныя законы супраць двух народаў. Чарнігаўцы да таго ж традыцыйна прадаюць для Гомелю бульбу, перац, памідоры, садавіну. Але мяжу зараз яны перасякаюць незаконнымі шляхамі. Можа, дзяржаве быў бы нейкі прыбытак, калі б яны законна перавозілі гародніну і плацілі нейкія там мыты”.

Яшчэ адна жанчына распавяла, як прызвычайваюцца людзі да новых парадкаў на мяжы:

(Спадарыня: ) “Дамаўляюцца з мытняй! Альбо пад’яжджаеш да мяжы, а пасьля пяць разоў пешшу пераходзіш яе туды-сюды і пераносіш бульбу па 10 кіляграмаў”.

Абмежаваньні на ўвоз прадукцыі недаспадобы і мытнікам. Вось што, у прыватнасьці, распавёў начальнік мытнага паста “Новая Гута” на беларуска-ўкраінскай мяжы Ігар Грынько:

(Грынько: ) “Калі глядзець на гэта з гледзішча грамадзяніна, а не службовай асобы, то, канечне, гэта непарадак. Гэта ж нашыя грамадзяне! І не па іх ініцыятыве і волі апынуліся ва Ўкраіне іхныя лецішчы і ўчасткі. Тым ня менш, абмежаваньні не прадугледжваюць нейкі іншы парадак увозу прадукцыі для гэтай катэгорыі грамадзянаў”.

Мытнікі ўжо падавалі свае заўвагі наконт указу пра абмежаваньне ўвозу прадукцыі, і, у прыватнасьці, бульбы. Але рэакцыі з боку адміністрацыі Лукашэнкі не было ніякай.
XS
SM
MD
LG