Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА МЕСЦЫ БОЮ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ З МАСКОЎСКІМ ВОЙСКАМ УСТАЛЯВАНЫ МЭМАРЫЯЛЬНЫ КРЫЖ


Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць

Дубовы крыж даўжынёй каля дзевяці мэтраў несьлі 17 чалавек. Яго ўсталявалі на ўскрайку вёскі Беліца Лідзкага раёну. Паводле формы гэта крыж Эўфрасіньні Полацкай, ён узвышаецца над зямлёю на 6,5 мэтраў. На ім напісана: “Бог, Гонар, Айчына” і даты: 1659–2002.

Ва ўзножжы ўмураваная гранітная дошка з выявай Пагоні і тэкстам: “На гэтым месцы ў 1659 годзе шляхта Лідзкага павету дала бой 30-тысячнаму маскоўскаму войску, засланіўшы сабой шлях на Горадню і Ліду. Вечная слава змагарам за незалежнасьць Бацькаўшчыны”.

На адкрыцьцё сабралася прыблізна 100 чалавек, пераважна мясцовыя жыхары. Беліцкі ксёндз Ян асьвяціў крыж. У ганаровай варце стаялі вэтэраны Арміі Краёвай. Пазьней іх зьмянілі ўдзельнікі рыцарскага клюбу “Дайнова” зь Ліды. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі й сьцяг з эмблемай Таварыства беларускай мовы.

На адкрыцьці выступіў старшыня БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка. Ён зьвязаў падзеі 17 стагодзьдзя, калі маскоўскае войска знаходзілася на беларускіх землях, зь сёньняшнімі. Спадар Вячорка зазначыў, што заўсёды важна бараніць незалежнасьць — і тады, і цяпер, калі Расея зноў хоча паглынуць Беларусь.

Старшыня Лідзкай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Станіслаў Суднік прачытаў свой верш, прысьвечаны лідзкай шляхце. У лістападзе 1659 яна суткі трымала каля броду празь Нёман войска, якое колькасна пераўзыходзіла яе ў дзесяць разоў.

Пасьля асьвячэньня крыжа ў беліцкай капліцы адбылася імша на беларускай мове — яна была прысьвечаная змагарам за незалежнасьць, якія палеглі ва ўсіх войнах. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Лідзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы.
XS
SM
MD
LG