Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБ ЗАКАНЧЭНЬНІ ЖНІВА АДРАПАРТАВАЛІ, А ЗЖАЦЬ ЗАБЫЛІСЯ


Алесь Горбач, Ганцаўшчына

Пра незвычайную знаходку блізу вёскі Будча паведамілі ў незалежную газэту “Спадарожнік” самі калгасьнікі. Яны дужа абураліся тым, што ва ўрочышчы “Каладзяны мох” засталася вялікая плошча несабранага аўса, і калгаснае кіраўніцтва ніяк на тое не рэагуе. Авёс, да слова, нядрэнна ўрадзіў, і па падліках спэцыялістаў з гэтай плошчы можна было сабраць ня менш за 70 тонаў збожжа. Цяпер, аднак, палова яго асыпалася на зямлю...

Гэты факт выклікае зьдзіўленьне й таму, што яшчэ 3 жніўня мясцовая раённая газэта “Савецкае Палессе” зьмясьціла на першай бачыне тэлеграму, у якой калгас “Перамога” рапартаваў у Ганцавіцкі раённы выканкам пра завяршэньне ўборкі збожжавых культураў.

Атрымаць нейкі вычарпальны камэнтар у кіраўніцтва калгасу ці раёну немагчыма. Дзьмітры Ленкавец, які выконвае абавязкі кіраўніка гаспадаркі, кажа, што нічога не ведаў пра засеянае ў “Каладзяным моху” поле. А намесьнік старшыні Ганцавіцкага раённага выканкаму Вікенці Монцік перш казаў, што гэтае поле належыць не калгасу, а нейкай іншай арганізацыі. Пасьля ж высунуў другую вэрсію, паводле якой авёс на полі пакінулі знарок, каб узімку было што есьці дзікім жывёлам.

Але, як паказалі далейшыя падзеі, жыхарам ганцавіцкіх лясоў такіх прысмакаў усё ж не дастанецца. Два дні таму ў “Каладзяны мох” прыгналі камбайн і кінуты авёс зжалі, намалаціўшы троху больш за 20 тонаў збожжа.
XS
SM
MD
LG