Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ДА СТРАЙКУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ДАЛУЧАЮЦЦА НОВЫЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня ў рэгіёне страйкуюць дробныя бізнэсоўцы паловы раённых цэнтраў. Страйк, які распачаўся ў Гомелі, Рэчыцы, Калінкавічах, Ельску, падтрыманы гандлярамі прамысловых вырабаў Чачэрску, Петрыкава, Жлобіна, Жыткавічаў.

Распавядае чачэрская прадпрымальніца спадарыня Кавалькова:

(Кавалькова: ) “Ніхто не выходзіць на працу. Усе падтрымліваюць рэспубліканскі страйк. Падаткі мы не плацілі — толькі тры чалавекі, але і яны не гандлююць у нас”.

У Мазыры да дробных бізнэсоўцаў кірмашоў далучыліся і таксісты. У горадзе не працуюць чатыры прыватныя службы таксі, не выходзяць на лінію “маршруткі”, якія выконвалі значны аб’ём перавозак гараджанаў. Таксістаў, як і гандляроў, абураюць новыя падатковыя паборы.

Рэчыцкія прадпрымальнікі, што страйкуюць ужо трэці дзень, сёньня на сваім сходзе вырашылі замовіць ў райвыканкаме на 16 верасьня агульнагарадзкі мітынг у абарону сваіх правоў. Яны са зьдзіўленьнем даведаліся ад супрацоўніцы мясцовага сацыяльнага фонду Веры Шугай, што ні яна, ні іншыя чыноўнікі ня ведаюць, якім чынам зьбіраць уведзеныя дэкрэтам Лукашэнкі плацяжы на кампэнсацыю пэнсійных выдаткаў.

Сёньня ж гомельскія актывісты Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў накіраваліся ў Менск у Міністэрства эканомікі, куды іх паклікалі нібыта на перамовы. Аднак, як заявіла перад паездкаю старшыня прафсаюзнае суполкі Тацяна Марчанка, дыялёг магчымы толькі зь першымі асобамі дзяржавы. Патрабаваньні дробных бізнэсоўцаў даўно й безвынікова ляжаць у Міністэрстве эканомікі й Дэпартамэнце ў справах прадпрымальніцтва.

Канкрэтных крокаў ад ураду патрабуюць і шэраговыя гандляры. Вось што, у прыватнасьці, сказала сёньня на пустуючым гомельскім рынку прадпрымальніца Тамара Нічыпарэнка:

(Нічыпарэнка: ) “Перамовы — гэта яшчэ ня вынік. Вынікі павінны быць надрукаваны ў газэтах, а распараджэньні — даведзеныя да падатковых інспэкцыяў. Мы мусім пераканацца на сто адсоткаў, што ўсё скасаванае што і ўлады вярнулі нам нармалёвыя ўмовы працы”.
XS
SM
MD
LG