Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАНФЛІКТ У ГАРАДЗЕНСКАЙ ШКОЛЕ: БАЦЬКІ НЕ ПУСКАЮЦЬ ДЗЯЦЕЙ НА ЗАНЯТКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У 2-й “В” клясе ў 15-й школе сёньня ўрокаў не было. У канцы заняткаў я зазірнуў у клясны пакой. За сталом сядзела настаўніца Марына Кійко. На стале ляжалі стосы падручнікаў, якія вучні пакуль не забралі. Пэдагога прызначылі кляснай кіраўніцай толькі што. Але бацькі патрабуюць вярнуць былую настаўніцу. Гаворыць Марына Кійко:

(Кійко: ) “Увогуле мяне папярэдзілі, што я ня буду жаданым настаўнікам для бацькоў. Што ўсё ж такі яны хочуць таго настаўніка, які працаваў. Я ня думала, што аж да такой крайнасьці ўжо дайшло. Ну, вядома, непрыемна. Працаваць хочацца, а працаваць не даюць”.

Сёньня ў 15-й школе панавала нэрвовая атмасфэра. Дырэктар Сяргей Новікаў меў урок фізыкі, але папрасіў вучняў, каб займаліся самі. У ягоным кабінэце адбывалася нарада. Загадчыца Кастрычніцкага РАНА Сьвятлана Цыганкова вырашала, што рабіць з 2-й “В” клясай.

Напярэдадні бацькі вучняў зьвярталіся да яе, але марна. Дачакаліся адно катэгарычнага адказу: склад выкладчыкаў у школах вызначаюць не бацькі, а аддзел адукацыі.

Пачынаючы з нулявой клясы у 2-й “В” ужо шостая па ліку настаўніца. Бацькоў гэта абурае. Яны хочуць, каб засталася папярэдняя — Людміла Новік. Дзеці яе палюбілі, і яна добра іх вучыла. Аднак у яе наступіў пэнсійны век, і яе пакінулі ў школе на год завучам — на палову стаўкі. Бяз права выкладаньня.

Дырэктар Сяргей Новікаў прызнаўся мне, што канфліктаў на глебе звальненьняў у школах гораду хапае. Але да такой формы пратэсту дайшло толькі ў 15-й. Гэта прымушае аддзел адукацыі зьмяніць жорсткую пазыцыю. Па словах дырэктара, яны сьпешна шукаюць якогасьці кампрамісу. І ня выключана нават, што патрабаваньне бацькоў задаволяць.

У Людмілы Швыралавай у 2-й “В” клясе ўнучка. Жанчына гаворыць, што начальства цікавіць толькі працаўладкаваньне пэдагогаў і не цікавяць дзеці. Не цікавяць пажаданьні бацькоў. Тое, што настаўніцу заменяць, стала вядома яшчэ ў сакавіку. З таго часу бацькі сталі змагацца за тое, каб пакінулі кляснага кіраўніка. Але аказалася, што ніякіх правоў у бацькоў няма.

Паводле словаў Людмілы Швыралавай, акцыя грамадзянскага непадпарадкаваньня працягнецца. Але з заўтрашняга дня дзеяньні бацькоў крыху зьменяцца. Яны пачнуць прыводзіць дзяцей на асобныя ўрокі — сьпеваў, нямецкай мовы, на фізкультуру. Па астатніх дысцыплінах, якія вядзе клясная кіраўніца, бацькі зьбіраюцца займацца зь дзецьмі самі, пакуль патрабаваньне вярнуць старую настаўніцу не задаволяць.
XS
SM
MD
LG