Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БОЛЬШАСЬЦЬ БАРАНАВІЦКІХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ НЕ БРАЛА ЎДЗЕЛУ Ў СТРАЙКУ


Алесь Горбач, Баранавічы

Пытаньне пра абвяшчэньне страйку абмяркоўвалася яшчэ тыдзень таму на сходзе баранавіцкіх прадпрымальнікаў. Прапановы тады гучалі розныя: хтосьці гатовы быў страйкаваць зь першага верасьня і бестэрмінова, іншыя – толькі зь першага кастрычніка. Не прыйшоўшы да згоды, прадстаўнікі дробнага бізнэсу змаглі утварыць толькі страйкавы камітэт з актывістаў Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў. Менавіта гэты страйкам і прыняў рашэньне правесьці сёньня, 1 верасьня, аднадзённы папераджальны страйк, а ў выпадку, калі ён не дасьць ніякага выніку, з наступнага месяца не плаціць падаткі і страйкаваць бестэрмінова.

Паводле старшыні Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў гораду Баранавічы Генадзя Саханчука, гарадзкі страйкавы камітэт адмежаваўся ад агульнарэспубліканскага страйкаму і не выстаўляе ніякіх палітычных патрабаваньняў, а толькі эканамічныя. Асноўныя зь іх – гэта зьніжэньне падаткаў, а таксама зьмяншэньне арэнднай платы за гандлёвае месца. Паводле спадара Саханчука, гэтыя прэтэнзіі выстаўляюцца выключна да мясцовых уладаў. У распаўсюджанай страйкамам напярэдадні ўлётцы гаворыцца пра тое, што страйк 1 верасьня павінен паказаць, што прадпрымальнікі адзіныя ў сваіх патрабаваньнях, што яны зьяўляюцца сілай, зь якой трэба лічыцца.

“Падтрымаўшы страйк у нядзелю першага верасня, - гаворыцца ў звароце страйкаму, - мы падтрымаем адзін аднаго і пакажам уладам, што прадпрымальнікі нават заплаціўшы падаткі могуць ахвяраваць самым выгодным гандлёвым днём, што агульныя інтарэсы для нас важней, чым мімалётныя матэрыяльныя выгоды”.

Аднак, як паказаў сёньняшні дзень, далёка ня ўсе прадстаўнікі дробнага бізнэсу думаюць гэтаксама, як іхны страйкам. Сёньня пераважная большасьць гандляроў выйшлі на кірмашы гораду, пуставала ня больш як дзясятая частка гандлёвых месцаў. На маё пытаньне да некаторых прадпрымальнікаў, чаму яны асабіста не падтрымалі страйк, адказы гучалі розныя. Хтосьці казаў аб тым, што ня верыць у посьпех такіх акцый; нехта наракаў на дрэнную працу прадпрымальніцкага прафсаюзу, які ня змог своечасова давесьці да ўсіх адпаведную інфармацыю. Большасьць апытаных давалі адказ аднолькавы: усе выйшлі на працу, і я як усе. Толькі адзін прадпрымальнік сказаў, што не захацеў губляць грошы, бо сёньняшні дзень сапраўды абяцае быць прыбытковым.
XS
SM
MD
LG