Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1 ВЕРАСЬНЯ РАСПАЧАЛІ БЕСТЭРМІНОВЫ СТРАЙК НАВАПОЛАЦКІЯ КІРОЎЦЫ ПРЫВАТНЫХ ТАКСОВАК


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Да апошняга часу кіроўцы таксовак выплачвалі адзіны штомесячны фіксаваны падатак у памеры 40 эўра. Днямі памер падатку быў павялічаны да 60 эўра, апроч таго прыватнікаў абавязалі ўносіць кожнага месяцу 29 тысяч рублёў у Фонд сацыяльнай абароны. Такія падатковыя навацыі былі кіроўцамі сустрэтыя з абурэньнем. Яны правялі сход і адзінагалосна пастанавілі: спыніць з 0 гадзінаў 1 верасьня працу і ніякіх падаткаў дзяржаве не выплачваць. У пэтыцыі, якую яны ўручылі сёньня гарадзкім уладам і пад якой паставілі подпісы больш як 70 чалавек, гаворыцца, што працу ўладальнікі прыватных таксовак распачнуць толькі тады, калі фіксаваны падатак будзе зьніжаны да 25 эўра.

Распавядае Уладзімер Мацкевіч, адзін са страйкоўцаў.

(Мацкевіч: ) “Пры падатках, якія ўводзяцца з 1 верасьня, нашая праца губляе сэнс. Таму вырашылі падаткаў не плаціць і з 1 верасьня спыніць працу. Такім чынам, мы распачынаем бестэрміновы страйк. Свае патрабаваньні накіроўваем у прэзыдэнцкую адміністрацыю, у Віцебскі абласны савет дэпутатаў і ў рэдакцыі незалежных СМІ”.

Тым часам наваполацкія прадпрымальнікі, якія, пратэстуючы супраць падвышкі платы за гандлёвае месца, зьбіраліся таксама распачаць бестэрміновы страйк, 1 верасьня выйшлі на працу. Сталася так таму, што напярэдадні ў Наваполацак, дзеля сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрымальніцкага прафсаюзу, завітаў старшыня Віцебскага абласнога савета Аляксандар Ацясаў. Пад час сустрэчы спадар Ацясаў паабяцаў не падвышаць платы за гандлёвае месца, а наўзамен папрасіў наваполацкіх прадпрымальнікаў не пачынаць страйку. На думку кіраўніка тутэйшага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валера Шаўчэнкі такая лагоднасьць уладаў зьвязана з “Дажынкамі”: робіцца ўсё, каб не дапусьціць пад час сьвята масавых пратэстаў. Тым ня менш заўтра дробныя гандляры Полацка і Наваполацка, на знак салідарнасьці з гомельскімі ды менскімі калегамі, якія спынілі працу, ладзяць аднадзённы папераджальны страйк.
XS
SM
MD
LG