Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТАЎНІКІ БОЛЬШ НЯ ЛІЧАЦЬ СВАЮ ПРАФЭСІЮ ПЭРСПЭКТЫЎНАЙ


Марыя Ўсьціновіч, Быхаўскі раён

Аднак частка з гэтых адзінак – гэта настаўнікі, рэальныя людзі, якія ўвогуле засталіся бязь месца і заробку. Ня можа ўладкавацца на працу і настаўніца Сядзіцкай пачатковай школы ў Быхаўскім раёне, якая сёлета зачыненая па рашэньні ўладаў.

У вёсцы Сядзіч, што непадалёк ад раённага цэнтру Быхаў, каля дзьвюх соцень двароў. Вёска вялікая, але жывуць у асноўныя адныя старыя. Дзяцей мала, малодшых школьнікаў летась было чацьвёра, сёлета – 6 чалавек.

Пачатковая школа ў Сядзічы стаіць зачыненая. Яна адна з тых шасьці ў Быхаўскім раёне, якія сёлета падпалі пад скарачэньне. Раённы бюджэт эканоміць на пераводзе малых шкаляроў у іншыя школы прыстойную суму.

Мясцовым жыхарам пра эканомію растлумачылі, але яны шкадуюць сваіх дзяцей.

(Спадарыня: ) “Канечне, лепш было б, каб дзеці хадзілі малыя тут у сваёй вёсцы”.

(Спадарыня: ) “Гэта ж маленькія дзеткі. Зараз, канешне, цёпла. А зімой як?..”

(Спадар: ) “Паспрабуй зараз дзяцей вазіць у такую далечыню! А было б усё ж такі побач. Праспала альбо не даела, а ўсё ж пасьпее на ўрокі. Вось такая справа”.

Вяскоўцы разьлічваюць, што ўлады прадоўжаць гарадзкі маршрут аўтобуса, які будзе вазіць дзяцей у школу ў раённым цэнтры, аднак ілюзіяў наконт рэгулярнай працы грамадзкага транспарту бацькі ня маюць.

(Спадар: ) “Дзе тая школа? Усё ж такі гэта аўтобус, можа і зламацца, можа і бэнзыну ня быць. Любая справа, гэта ж тэхніка. Ён сёньня бярэ дзяцей, а заўтра стане. Зараз такія машыны дрэнныя – яны ж ня новыя, а, як гавораць, “б\у”.

Калі бацькі вучняў малодшых клясаў з Сядзіча яшчэ маюць надзеі на ўладкаваньне сваіх дзяцей у быхаўскай школе, то старэйшыя шкаляры як раней хадзілі пешшу, так і далей будуць хадзіць у суседнюю вёску Мокрае, у таймтэйшую сярэднюю школу. Гэта 7 кілямэтраў праз поле – пры любым надвор’і.

Таму перад пачаткам навучальнага году і штодзённых падарожжаў шкаляроў у Сядзічы ўзгадваюць мінулыя часіны. За некалькі дзясяткаў гадоў нічога не зьмянілася.

(Спадарыня: ) “А як жа дзецям хадзіць? Як хадзілі нашыя дзеці? На Мокрае ў школу. Сьнег “во дасюль”. Я прыду з працы – на льнозаводзе працавала – а маёй дачкі няма яшчэ, у школе. Я яе іду шукаю: ці яна замерзла недзе, ці не. Мы ўсё перажылі. Дзяржава нічога не клапоціцца”.

Настаўнікі, у прыватнасьці, у Макранскай сярэдняй школе, не хаваюць свайго адмоўнага стаўленьня да закрыцьця суседняй пачатковай школы. Вось што гаворыць завуч Макранскай сярэдняй школы Ларыса Акцістава:

(Акцістава: ) “Я супраць таму, што дзецям усе “азы” закладаюцца менавіта ў пачатковай школе. І калі там 6 чалавек і настаўніца зь імі нарамалёва працуе, то яна можа даць ім веды”.

Завуч распавядае, што настаўнікі вельмі трывожацца за свой лёс. Усе баяцца страціць гадзіны і месца. Асабліва тыя, хто падыходзіць да пэнсійнага ўзросту. Бо хочацца падпрацаваць і дапамагчы дзецям і ўнукам. Прафэсію настаўніка пэдагог зь вялікім стажам і вопытам Ларыса Акцістава лічыць цяпер непэрспэктыўнай.

(Акцістава: ) “Ведаеце, з такім стаўленьнем, як у нас кажуць, у настаўнікі больш ня пойдуць. Моладзь ня пойдзе, яна будзе шукаць больш пэрспэктыўны, больш высокааплатны і менш працаёмісты занятак. Я ўвогуле ня ведаю, што будзе з гэтымі настаўнікамі”.

Быхаўскаму раённаму аддзелу адукацыі пакуль не ўдалося працаўладкаваць усіх настаўнікаў, якія былі скарочаныя ў выніку закрыцьця пачатковых школаў. Яны чакаюць і спадзяюцца, але кіраўніцтва сфэры адукацыі ў вобласьці спасылаецца на цяжкія часіны і гаворыць, што кожны павінен вырашаць самастойна свае ўласныя праблемы.
XS
SM
MD
LG