Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ МАШКОВА НЕ ДАПУСЬЦІЛІ ЗАКРЫЦЬЦЯ ТАМТЭЙШАЕ ШКОЛЫ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Калі пры канцы лета ў вёсцы Машкова даведаліся пра закрыцьцё тамтэйшае школы, то ні настаўнікі, ні вучні не маглі даць гэтаму веры – Машкоўская сярэдняя школа ёсьць найстарэйшай у Аршанскім раёне, і цягам наступнага навучальнага году там меліся ўрачыста адзначыць ейны 140-гадовы юбілей… Але й насамрэч Аршанскі раённы адзьдел адукацыі вырашыў быў зэканоміць сродкі на гэтай школе, прычым двойчы: калі ня будзе школы, ня будзе й пытаньня пра сьвяткаваньне ейных угодкаў. Так амаль музэйная Машкоўская “адзінаццацігодка” трапіла ў лік самых непэрспэктыўных навучальных установаў, якія падпалі пад сёлетняе масавае закрыцьцё ўстановаў адукацыі.

Даведаўшыся пра гэта, першымі выказалі пратэст мясцовыя жыхары, а таксама жыхары суседніх вёсак, чые дзеці вучацца ў Машкоўскай школе. Яны пачалі скардзіцца ў раённы ды абласны аддзелы адукацыі, а таксама ў “Аршанскую газэту”, сабраўшы подпісы пад лістамі, дзе даводзілася, з-за чаго тром дзясяткам вучняў далёка ня ўсё адно, дзе працягваць далейшую адукацыю. Пазыцыю бацькоў выкладае жыхарка суседняе вёскі Васькаўшчына спадарыня Ала:

(Спадарыня Ала: ) “Настаўнікі там дасьведчаныя, яны праводзяць цэлы дзень у школе… У іх ёсьць ёсьць магчымасьць пазаймацца зь дзецьмі слабымі. А па суботах дыскатэкі праводзяць. Бацькі нават проста баяліся, што давядзецца аддаць хлапчукоў – а там двое хлапчукоў-дзесяціклясьнікаў — у якую іншую школу. Проста баяцца хлопчыкі туды пайсьці, іх могуць і пабіць, і ўсё што хочаш… Да таго ж бацькі на працы, а дзеці самі сабой. А так яны ў школе займаюцца… Канечне, і бацькам спакайней, і дзецям”.

Дарэчы, дзеці таксама падтрымалі бацькоў у іхным памкненьні не дазволіць уладам зачыніць Машкоўскую школу. Калі пры канцы жніўня раённы аддзел адукацыі вырашыў усё ж пакінуць у Машкове школу, але ўжо ў статусе не сярэдняй, а базавай, вучні старэйшых клясаў сабраліся разам ды вырашылі кінуць вучобу ўвогуле, калі ім не дазволяць скончыць родную школу. Гаворыць маці сёлетняй дзесяціклясьніцы спадарыня Валянціна:

(Спадарыня Валянціна: ) “Мая дачка сказала, што калі нашу школу закрыюць, або зробяць базавай, то яна ў іншую школу ня пойдзе. Яна ўжо тут прывыкла да настаўнікаў, і настаўнікі добрыя… Таму кажа: “Я ў іншую школу не пайду, лепей пайду куды ў вучэльню”. А школу ж хацела скончыць, каб 11 клясаў было”.

Апроч як сваімі суб’ектыўнымі інтарэсамі вучні ды іхныя бацькі аргумэнтавалі неабходнасьць захаваньня школы і цалкам аб’ектыўнымі фактамі: да прыкладу, толькі ў школе ёсьць адзіны на ўсё Машкова тэлефон, зь якога можна выклікаць тую самую “хуткую дапамогу”. Вучні Машкоўскае школы штогод самі забясьпечваюць сябе прадуктамі з уласнага саду ды гароду, адпаведна, ня ўводзяць дзяржаву ў залішнія страты на сваё ўтрыманьне. Да таго ж яны самастойна могуць дабірацца да свае школы пехам, не выкарыстоўваючы калгаснага транспарту або дарагога паліва…

Зараз цяжка сказаць, які аргумэнт падаўся ўладам найбольш пераканаўчым, але ўчора на пленарным паседжаньні раённых настаўнікаў было канчаткова абвешчана, што прыхільнікі адукацыі ў роднай Машкоўскай школе перамаглі – школа застаецца працаваць ды захавае ранейшы статус сярэдняй. Аднак гэта адзіная школа на Віцебшчыне, якой удалося пазьбегнуць закрыцьця выключна дзякуючы грамадзкай актыўнасьці землякоў. Астатнія 32 школы, асуджаныя на закрыцьцё, сёлета зачыненыя.
XS
SM
MD
LG