Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

І КІРАЎНІЦТВА, І РАБОЧЫЯ ШКЛОЗАВОДУ Ў ЯЛІЗАВЕ БУДУЦЬ ПРАСІЦЬ У АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ ГРОШАЙ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

І дырэкцыя таварыства, і працоўны калектыў шклозаводу зьбіраюцца прасіць ў кіраўніка дзяржавы аднаго і таго ж – а менавіта грошай. Толькі кіраўніцтва разьлічвае атрымаць крэдыт, мытныя і падатковыя ільготы, а рабочыя – павелічэньне заробкаў.

Шклозавод ў пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёну застаўся, так бы мовіць “апошнім з магіканаў”. Усе астатнія беларускія шклозаводы, якія выраблялі шкляную тару, зачыніліся. Праблема ў іх адна – зношанае абсталяваньне і старыя тэхналёгіі.

Аднак Ялізаўскі шклозавод, які быў заснаваны ў 1913 годзе і ў савецкія часы маў назву “Кастрычнік”, апынуўся у найбольш выгадным геаграфічным становішчы, на чыгуначным вузле.

Шклозаводам зацікавілася буйная шкляная канадзкая кампанія Consumer Packaging Inc., якая стала ўладальнікам кантрольнага пакету акцыяў шклозаводу. Аднак канадцы не вытрымалі цяжкасьцяў беларускага рынку. Вялізныя мыты і грашовыя праблемы перашкодзілі хуткай рэканструкцыі заводу.

Кантрольны пакет акцыяў шклозаводу цяпер набыла гандлёвая расейска-аўстрыйская кампанія “ATEC”, якая арыентуе завод на выпуск сучасных слоікаў.

Уласна кажучы, Ялізава і зараз вырабляе толькі слоікі, але на старым абсталяваньні. Распавядае Альберт Яўменаў, у мінулым – лідэр суполкі Свабоднага прафсаюзу шклозаводу, які быў звольнены дырэкцыяй:

(Яўменаў: ) “Уся справа ў тым, што абсталяваньне на заводзе зношанае ўжо на 300 адсоткаў. Апошняя лінія – гэта піск моды 1950-х гадоў. Сур’ёзна, і тут ніякага сакрэту няма. І гэтае абсталяваньне, калі да нас прыяжджалі канадцы, назавалі рарытэтам”.

Калі рэканструкцыі ня будзе – шклозавод страціць усе рынкі збыту. Гаворыць дырэктар прадпрыемства Анатоль Мазура.

(Мазура: ) “Пэрспэктывы няма. Таму што тая прадукцыя, якую мы атрымліваем на старой вытворчасьці сёньня, – гэта мінулае стагодзьдзе. Якасьць непараўнальная з той, якую можна атрымаць на сучасным абсталяваньні. Між тым, у Расеі ёсьць ужо шмат вытворчасьцяў, якія пераўзброіліся і працуюць на сучасным абсталяваньні”.

Для закупкі новых лініяў і ўкараненьня сучасных тэхналёгіяў акцыянэрнаму таварыству патрэбны крэдыт “Беларусбанка” 8 мільёнаў даляраў на 5 гадоў, а таксама мытныя ды падатковыя льготы. На гэта павінен даць згоду Аляксандар Лукашэнка.

За час пераўтварэньняў працоўны калектыў шклозаводу скараціўся на 1000 чалавек, і цяпер на ім працуе 760 работнікаў. Тут шкодная і гарачая вытворчасьць, за якую даюць малако, але ня плацяць прыстойных заробкаў. Таму ўсе рабочыя аднолькава адказваюць на пытаньне, пра што будуць гутарыць з Аляксандрам Лукашэнкам:

(Спадар: ) “Пра заробак. Больш нічога. Атрымліваем 120 тысяч. Ды пражыві: за кватэру заплаці, за ўсё заплаці, а калі несвоечасова – дык і адсоткі заплаці. А што гэта – 120 тысяч?..”

Паводле словаў Альберта Яўменава, нягледзячы на разгром Свабоднага прафсаюзу шклозаводу, апошнім часам на прадпрыемстве расьце цікаўнасьць рабочых да абароны сваіх правоў.

(Яўменаў: ) “У сувязі з тым, што заробкі на заводзе ў людзей у асноўнай масы невялікія, ім патрэбны прафсаюз, які займаецца не культ-масавай працай, а адстойвае іх эканамічныя інтарэсы. Заробкі ў першую чаргу і ўмовы працы”.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з працоўнымі шклозаводу плянуецца ў клюбе, куды прыйдуць тыя, хто атрымаў запрашальныя квіткі. Хутчэй за ўсё, выпадковых людзей, як гавораць чыноўнікі, а таксама нечаканых вострых пытаньняў там не будзе. Тым больш, што шклозавод – гэта адзінае прадпрыемства ў Ялізаве, і страта працы можа азначаць катастрофу для сям'і тутэйшага жыхара.
XS
SM
MD
LG