Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У НАВАПОЛАЦКУ НЯМА БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ КЛЯСАЎ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Калі ў іншых рэгіёнах падрыхтоўка да новага навучальнага году спалучаная з пэўнымі цяжкасьцямі, дык у Наваполацку ў гэтым пляне вялікіх праблемаў няма. Практычна кожная школа мае шэфаў зь ліку гарадзкіх прадпрыемстваў і установаў, грошы на рамонт даюць таксама бацькі, і 1 верасьня адрамантаваныя школы шырока разнасьцежаць дзьверы. Няма цяжкасьцяў і з камплектаваньнем школаў пэдагагічнымі кадрамі. Сёлета настаўніцкі кантынгент папоўняць 45 маладых спэцыялістаў. Адзінае, у чым ёсьць дэфіцыт, дык гэта ў настаўніках замежнай мовы. І ўсё ж ёсьць у Наваполацку адна глябальная праблема, якая апошнім часам зьнятая з парадку дня і пра якую рупяцца не згадваць чыноўнікі ад адукацыі: праблема беларускамоўнага навучаньня.

Першыя беларускамоўныя клясы ў Наваполацку былі арганізаваныя яшчэ ў 1986 годзе. Пры гэтым штогод іх колькасьць павялічвалася, і неўзабаве дзьве гарадзкія школы – 5-я і 9-я – былі абвешчаныя беларускімі. Здавалася, працэс беларусізацыі сярэдняй школы набыў незваротны характар, але гэта толькі здавалася. Сёньня беларускамоўных клясаў, а пагатоў і школаў, у горадзе няма, а тыя вучні, што пайшлі колісь у першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня, беларускую мову чуюць толькі на ўроках мовы ды літаратуры. І тым ня менш, у афіцыйных справаздачах клясы гэтыя па-ранейшаму значацца як беларускія.

Апошнім разам беларускамоўная кляса была набраная два гады таму – у сьценах сярэдняй школы №9. Што яна зь сябе ўяўляе, распавядае Людміла Мурашка – маці адной з вучаніцаў.

(Мурашка: ) “Мы здавалі сваю дачку ў беларускамоўную клясу цалкам сьвядома, і марылі аб тым, каб наш дзіцёнак атрымаў беларускамоўную адукацыю. У сям’і нашай размаўляюць па-беларуску – гэта для нас традыцыйна і досыць важна. Але, як высьветлілася, беларуская кляса ў школе толькі намінальна беларуская, і розьніцца ад расейскамоўных толькі тым, што там на пару гадзінаў больш выкладаецца беларускай мовы. Астатнія ўсе прадметы выкладаюцца па-расейску. Гэта факт вельмі непрыемны, але, паколькі выбару няма, даводзіцца з тым мірыцца. І вельмі непрыемна чуць таксама, што бацькі, нібыта, не жадаюць даваць сваім дзецям адукацыю на беларускай мове. Наколькі мне вядома, калі 9-я школа была беларускай, там не было праблемы з наборам вучняў – навучэнцаў туды прымалі на конкурснай аснове”.
XS
SM
MD
LG