Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД СПЫНІЎ АДМІНІСТРАЦЫЙНУЮ СПРАВУ СУПРАЦЬ СУПРАЦОЎНІКА НЕДЗЯРЖАЎНАЙ ГАЗЭТЫ “БАБРУЙСКІ КУР’ЕР” ГЕНАДЗЯ БАГДОНАСА


Аляксандар Сердзюкоў, Бабруйск

Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага раёну Бабруйску лейтэйнанты Бабіч і Насьледнікаў затрымалі маладзёна непасрэдна ў рэдакцыі выданьня. Ад пачатку яго абвінавацілі ў крымінальным злачынстве, бо раней ён працаваў у раённай газэце “Трыбуна”, адкуль невядомыя скралі кампутар.

Распавядае Генадзь Багдонас:

(Багдонас: ) “Там яны сталі пытацца: куды я схаваў кампутар, чаму я працаваў у той рэдакцыі і абакраў яе? Пасьля гэтага яны пагражалі, патрабавалі, каб я вярнуў яго і прыйшоу з пакаяньнем. Пасьля таго яны напісалі пратакол, што мяне затрымалі на вуліцы і што я нецэнзурна лаяўся...”

Калі Генадзь Багдонас адмовіўся прызнаць сваю віну, яго на тры з паловай дні завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня й забаранялі тэлефанаваць сябрам і сваякам. Ён падпісаў пратакол, але толькі пасьля таго, як яго моцна зьбілі. Нагэтулькі моцна, што некалькі разоў прыйшлося выклікаць “хуткую дапамогу”.

(Багдонас: ) “Удары былі... У аддзяленьні міліцыі яны білі па галаве і па шыі. Потым, калі прыходзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, то удары ўжо былі мацнейшымі. Таксама білі па галаве, па шыі, у пахвіну, па сьпіне, у розныя мяккія месцы”.

Суд не прызнаў Багдонаса вінаватым, бо міліцыянты не змаглі знайсьці сьведкаў. Адразу пасьля суду спадар Багдонас напісаў ліст у Беларускі Гельсынскі камітэт і раённую пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць міліцынтаў да адміністрацыйнай адказнасьці.

Зрэшты, гэта не адзіны выпадак у Бабруйскім раёне. Непаўнагадовага Дзяніса Селіванчыка пасадзілі разам з дарослымі й патрабавалі, каб ён вярнуў грошы, якія ён пазычыў у знаёмага. Падчас сьвяткаваньня Дня Волі затрымалі Генадзя Круціліна нібыта за зьяўленьне на вуліцы нападпітку. Нягледзячы на просьбы адвесьці яго на мэдычную экспэртызу, яго трымалі ў пастарунку некалькі гадзінаў, моцна білі, а пасьля аштрафавалі.

Адметна, што нават начальнік абласной управы ўнутраных справаў Іван Сяргей адзначыў, што частка бабруйскіх міліцыянтаў час ад часу дапускае парушэньне заканадаўства.
XS
SM
MD
LG