Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДАЖЫНКАВЫЯ ШЧЫРАВАНЬНІ Ў ПОЛАЦКУ ДАСЯГНУЛІ СВАЙГО АПАГЕЮ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Самі арганізатары рэспубліканскага фэсту-кірмашу да апошняга часу ня ведалі – калі ён адбудзецца. І вось толькі мінулым панядзелкам старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Тачыла паведаміў падначаленым, што правядзеньне дажынкавых мерапрыемстваў прызначанае на 6 – 7 верасьня. Такую вестку падначаленыя ўспрынялі з пачуцьцём глыбокай турботы. У Полацку на сёньня практычна аніводны аб’ект цалкам не адрамантаваны. І хаця мясцовым уладам была адразу пастаўленая задача скончыць усе працы да 1 верасьня, задача такая выглядала невыканальнай, і ў гарвыканкаме спадзяваліся, што пачатак сьвята перасунуць на больш позьні тэрмін.

Між тым, рэзэрву для фарсіраваньня падрыхтоўкі да “Дажынак” ужо не засталося, бо людзі і так працуюць, як тыя кітайцы на пабудове дамбаў, і справа дайшла да чалавечых ахвяраў.

Палачане напачатку з энтузіязмам паставіліся да рамонтных працаў, пагатоў, той жа мост праз Палату, які цяпер рамантуецца, ужо гатовы быў абрынуцца ў раку, а гарадзкі Дом культуры пужаў гасьцей сваім неахайным выглядам. Аднак, пабачыўшы, у якім шалёным тэмпе ідуць рамонтныя працы, і зразумеўшы, што тынкоўка на адрамантаваных аб’ектах адваліцца праз два дні пасьля “Дажынак”, энтузіязм пайшоў на спад. Ну а пабачыўшы, што будаўнікі спляжылі кусты бэзу ў цэнтральным гарадзкім сквэры, сталі ўголас абурацца.

Полацак – горад спэцыфічны. Не гэта ня проста райцэнтар, а калыска беларускай дзяржаўнасьці, а таму тут трэба ня толькі брукаваць тратуары, але карэнным чынам аднаўляць гістарычныя помнікі. Мясцовых гісторыкаў ды краязнаўцаў напачатку таксама апанавала дажынкавая эйфарыя. Яны былі перакананыя, што ўлады, нарэшце, выселяць з Езуіцкага калегіюма вайсковы шпіталь – размовы пра гэта ідуць зь сярэдзіны 1980-х, і пачнецца ягонае аднаўленьне, але гэтага, на жаль, не надарылася. Колькі месяцаў таму гарадзкі гістарычны клюб “Вытокі” зьвярнуўся да ўладаў з просьбаю ўключыць у склад “дажынкавых аб’ектаў” занядбаны комплекс Бэрнардынскага кляштару. Улады паабяцалі штосьці зрабіць, але нічога не зрабілі. На пачатку чэрвеня тыя ж “Вытокі” зьвярнуліся ў гарвыканкам з прапановаю вярнуць гораду, напярэдадні “Дажынак”, пракаветную тапаніміку, бо сёньня гарадзкія вуліцы носяць імёны Маркса, Леніна, Сьвярдлова, Войкава, Сака ды Ванцэці, а цэнтральная вуліца называецца Камуністычнай. У адказ гарвыканкам нават не знайшоў патрэбным даць фармальнага адказу.

Вось што сказаў нам старшыня клюбу Міхась Баўтовіч:

(Баўтовіч: ) “Яшчэ ў 1989 годзе сябры клюбу зьвярталіся да ўладаў з патрабаваньнем захаваць будынак, які колісь належаў купцу Мінцу. Але намаганьні былі марнымі: улады зруйнавалі гэты будынак, і на ягоным месцы цяпер пустка. Тое ж самае адбываецца і сёньня. Разбураецца помнік 18-га стагодзьдзя – касьцёл Сьв. Ганны пры Бэрнардынскім кляштары, і, не зважаючы на тое, што на “Дажынкі” выдаткаваныя вялікія сродкі, і можна было правесьці пачатковую кансэрвацыйную працу, збудаваць хаця б нейкую павець над аўтарнай часткай, якая яшчэ захавалася, нічога дагэтуль ня зроблена. Не мяняецца структура ўлады, не мяняецца й сама ўлада”.
XS
SM
MD
LG