Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВОРШЫ СТРАЙКУЮЦЬ КІРОЎЦЫ МАРШРУТНЫХ ТАКСІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Страйк кіроўцаў маршрутных таксі прайшоў сёньня ў Воршы ўпершыню ды быў надзвычай адчувальны для ўсіх гараджанаў, бо так званыя “маршруткі” на працягу апошніх трох-чатырох гадоў фактычна замянілі на аршанскіх вуліцах грамадзкі транспарт. Таму ўжо з самай раніцы аршанцы пачалі масава спазьняцца па сваіх справах, а кіроўцы маршрутных таксі сабраліся тым часам на канцавым прыпынку “20-я сярэдняя школа” ды распачалі страйк.

Страйк быў выкліканы незадавальненьнем кіроўцаў, якія зьяўляюцца прыватнымі прадпрымальнікімі, новым прэзыдэнцкім Дэкрэтам № 18 “Аб некаторых пытаньнях сацыяльнае абароны грамадзянаў”. Згодна з гэтым дэкрэтам, з 1-га жніўня ўсе прадпрымальнікі мусяць плаціць абавязковы страхавы падатак.

Прадпрымальнікі–гандляры аршанскіх рынкаў ужо выказалі сваё адмоўнае стаўленьне да ўвядзеньня новага абавязковага падатку, узяўшы ўдзел у агульнабеларускім прадпрымальніцкім страйку. Цяпер падобную пазыцыю занялі й прадпрымальнікі–кіроўцы. Паводле іхнага меркаваньня, дадатковага падаткаабкладаньня з боку дзяржавы яны не заслугоўваюць, бо й так уся іхная прадпрымальніцкая дзейнасьць скіраваная на ратаваньне эканомікі краіны, якая ня можа забясьпечыць сваім грамадзянам годнага дабрабыту. Так, у Воршы, дзе аўтобусны парк практычна не існуе, цалкам заменены на маршрутныя таксі, кошт праезду ў “маршрутцы” даражэйшы за праезд у грамадзкім транспарце ўсяго на 50 рублёў. У абласным цэнтры гэтая розьніца складае 250 рублёў. Да таго ж у Воршы маецца найбольшая на Беларусі колькасць занятых на гарадскіх маршрутах машын – іх каля чатырохсот. Сёньня ўсе яны страйкуюць. Ці працягнецца гэты страйк заўтра, пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG