Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

CУДОВАЕ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ ЗА НЕСАНКЦЫЯВАНУЮ АКЦЫЮ АТРЫМАЛІ ВІЦЕБСКІЯ СЯБРЫ АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Аксана Афанасьева прызнала сёньня васьмярых віцебскіх сяброў АГП вінаватымі ў парушэньні закону аб правядзеньні вулічных акцыяў.

Напярэдадні ўгодкаў прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці Беларусі, 26 ліпеня гэтага году яны выйшлі да гарадзкое Ратушы, каб выказаць сваё стаўленьне да апошніх падзеяў у краіне. Пры сабе сябры АГП мелі бел-чырвон-белы сьцяг ды плякаты “Ня хочам быць расейскай губерняй!”, “Дзе абяцаны заробак у 100 даляраў?”, “Так жыць нельга!” ды да таго падобныя.

Прастаяць у цэнтры Віцебску з гэтымі плякатамі пікетоўцам удалося ўсяго 25 хвілін, пасьля чаго Фёдара Бакунава, Тацяну Зайкову, Надзею Шакаліс, Аляксандара Кабяка, Дзяніса Шмана, Аляксандра Бакуліна, Элу Канавалаву ды Вадзіма Краўцова міліцыянты канваявалі ў найбліжэйшы пастарунак. На кожнага затрыманага быў складзены пратакол аб правапарушэньні.

Дарэчы, забіраючы ў затрыманых пікетаўцаў сьцяг ды плякаты, супрацоўнікі Кастрычніцкага райадзьдзелу абяцалі адразу ж пасьля суду іх вярнуць. Аднак сёньня ў судовай справе гэтых рэчавых доказаў ніхто ня бачыў, і вяртаньня маёмасьці не адбылося. Адзіным набыткам сяброў АГП пасьля сёньняшняга судовага паседжаньня сталіся папярэджаньні за парушэньне закону аб мітынгах, пікетах ды дэманстрацыях.
XS
SM
MD
LG