Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АХВЯРАЙ БІТВЫ ЗА ЎРАДЖАЙ ЛЕДЗЬ НЯ СТАЎ ВАСIЛЬ ДАЎГАЛЁЎ – ЛУКАШЭНКА “БЫЎ ГАТОВЫ СКIНУЦЬ ЯГО СА СВАЙГО ВЕРТАЛЁТУ”


Алег Супрунюк, Берасьце

На сёньняшнюю ранiцу на Берасьцейшчыне было убрана каля 85% плошчаў, засеяных зерневымi культурамi. Сабраны з гэтых палёў ураджай складае менш за 800 тысяч тон. Гэтыя паказчыкi iстотна адрозьнiваюцца ад тых, што былi абвешчаныя падчас сэлектарнай нарады i абяцаныя асабiста Аляксандру Лукашэнку, калi ён наведваў заходнi рэгiён Беларусi.

Тым больш нечаканым было паведаменьне Беларускага тэлебачаньня пра тое, што Берасьцейская вобласьць неўзабаве дасягне лiчбы 1 мiльён тон сабранага збожжа. Старшыня аблсельгасхарчу Ўладзiмер Мацука сёньня не пажадаў камэнтаваць гэтае паведамленьне, заявiўшы, што ня мае да агучаных зьвестак нiякага дачыненьня.

Нэрвовасьць супрацоўнiкаў выканаўчай вэртыкалi Берасьцейшчыны тлумачыцца тым, што апошнiмi днямi Аляксандар Лукашэнка выказвае шмат крытыкi на адрас кiраўнiцтва вобласьцi. Падчас справаздачы ўраду па вынiках працы ў першым паўгодзьдзi Лукашэнка нават заявiў, што гатовы быў скiнуць са свайго верталёту старшыню аблвыканкаму Васiля Даўгалёва, калi ня спраўдзяцца ягоныя зьвесткi па колькасьцi камбайнаў, якiя працуюць у Пружанскiм раёне.

Жнiво сталася прычынай i яшчэ аднаго скандалу на Берасьцейшчыне. Раней сваю незадаволенасьць тэмпамi жнiва ў рэгiёне выказаў кiраўнiк Камiтэту дзяржаўнага кантролю Анатоль Тозiк. Ён заявiў, што здымае з пасады намесьнiка старшынi Пiнскага райвыканкаму Васiля Крапчука за дрэнную арганiзацыю ўборачнай кампанii. Паводле словаў Тозiка, каб прымаць падобныя рашэньнi, ён мае паўнамоцтвы ад Аляксандра Лукашэнкi. Але старшыня аблвыканкаму Васiль Даўгалёў не пажадаў звальняць пiнскага чыноўнiка, патлумачыўшы марудныя тэмпы ўборкi ўмовамi надвор’я.

Дарэчы, у Берасьцейскiм аблвыканкаме часьцей спасылацца на надвор’е настойлiва раяць i журналiстам дзяржаўных выданьняў, што асьвятляюць тэму жнiва. Рэльна закончыць уборку збожжа ў вобласьцi плянуецца не раней за 5 жнiўня.
XS
SM
MD
LG