Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1-ГАДЗІННАГА ПРАЦОЎНАГА ТЫДНЯ НА ЗАВОДЗЕ ПУСКАВЫХ РУХАВІКОЎ НЯ БУДЗЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Апошнім часам рабочыя заводу пускавых рухавікоў і без таго працавалі чатыры дні на тыдзень. Прычым працавалі далёка ня ўсе, а прыкладна трэцяя частка. Гэта ўсяго 300–350 чалавек з амаль тысячы наяўных. З калектывам дырэкцыя поўнасьцю не разьлічылася па заробку яшчэ за сакавік. За наступныя чатыры месяцы, уключна зь ліпенем, рабочыя наагул не атрымалі ні рубля.

У гэтай сытуацыі дырэкцыя заводу не знайшла нічога лепшага, як выдаць загад № 232-МК пра зьмену рэжыму працы прадпрыемства і ўсталяваньні для ўсіх рабочых з 1 жніўня 1-гадзіннага працоўнага тыдня.

Выключэньне датычыла толькі дзяжурных службаў і тых, хто абслугоўвае інтэрнат, аздараўленчы цэнтар і падсобную сельскую гаспадарку заводу. Адпаведна новаму рэжыму працы бугальтэрыя абавязаная была налічваць і заробак. Такім чынам кіраўніцтва заводу зьбіралася засьцерагчыся ад дадатковых фінансавых выдаткаў. Даўгі даўно перавысілі тут мільярд рублёў.

Прафкам заводу, аднак, не пагадзіўся на разьвязаньне фінансавых праблемаў за кошт яшчэ большага пагаршэньня становішча рабочых. Распавядае старшыня прафкаму Аляксандар Кізёў:

(Кізёў: ) “Мы з гэтай нагоды сабраліся ўчора і прынялі такое рашэньне. У сувязі з тым, што заводу адкрытая крэдытная лінія і атрыманыя першыя 150 мільёнаў рублёў на абаротныя сродкі, патрабуем адмяніць загад №232-МК. Калі патрабаваньне ня будзе выкананае, прафсаюзны камітэт пакідае за сабою права абскардзіць загад дырэкцыі ў вышэйшых інстанцыях, а таксама сабраць канфэрэнцыю працоўнага калектыву і паставіць пытаньне пра недавер кіраўніцтву заводу”.

Дырэктар заводу Міхаіл Кандраценка вымушаны быў адмяніць загад пра ўвядзеньне аднагадзіннага працоўнага тыдня. Гэта ён пацьвердзіў сёньня ўранку і вашаму карэспандэнту.

Вымушаны адпачынак рабочым будзе аплачвацца на дзьве траціны сярэдняга заробку. Відавочна, што дырэктару не з рукі канфліктаваць яшчэ і з прафкамам. Акурат на гэтым тыдні абласное міліцэйскае ўпраўленьне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі распачала на спадара Кандраценку крымінальную справу. Ён абвінавачваецца ў нанясеньні свайму заводу стратаў больш як на 60 мільёнаў рублёў. Дырэктар нібыта сьвядома заключаў стратныя дамовы на пастаўку менскай фірме “Трактарадэталь” прадукцыі па заніжаных коштах.
XS
SM
MD
LG