Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З 1 ЖНІЎНЯ Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ПАДВЫШАНЫЯ КОШТЫ НА ПРАЕЗД У ГРАМАДЗКІМ ТРАНСПАРЦЕ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Чарговае падвышэнне выклікала ў магілёўцаў хутчэй лёгкае здзіўленьне, чым абурэньне. Людзі прызвычаіліся да фактычна штотыднёвага падвышэньня коштаў на тавары і паслугі.

У сувязі з тым, што за ліпень двойчы зьмяняліся ў бок павелічэньня кошты на паліва, падвышэньне кошту квітка на праезд у гарадзкім транспарце калі не чакалася, то прагназавалася.

У бюджэце Магілёўскай вобласьці сёлета закладзена, што насельніцтва будзе аплачваць 76% выдаткаў на транспарт, астатнія 24% кампэнсуе бюджэт.

За час, які прайшоў, толькі ў красавіку ўдалося дасягнуць 75% кампэнсацыі насельніцтвам, звычайна гэтая лічба вагаецца каля 60%.

Цяперашняе падвышэньне цэн на транспартныя паслугі, паводле папярэдніх разьлікаў, павінна прывесьці да заплянаванага бюджэтам роўню, але не адразу, бо праязныя на жнівень прадалі па ранейшым коштам. Да таго ж траснпартныя арганізацыі ў шэрагу сваіх асноўных праблемаў называюць вялікую колькасьць розных льготнікаў і тых, хто ня плаціць за праезд.

Падаткаплацельшчыкі чакаюць ад уладаў і транспартнікаў ня толькі чарговага падвышэньня цэн, але і актыўнай працы па мадэрнізацыі паркаў грамадзкага транспарту, а менавіта набыцьця больш эканамічных машын зь вялікай умяшчальнасьцю.

Дарэчы, напярэдадні гэтага падвышэньня ў сувязі зь вялікімі выдаткамі аўтобусных і тралейбусных паркаў гораду Магілёва на рамонт старых машын усе вялікія маршруты былі падзеленыя на два альбо тры кароткія адрэзкі. Гэтая відавочная хітрасьць выклікала абурэньне магілёўцаў, але гнеўныя лісты ў газэтах на адрас транспартнікаў мелі толькі адзін адказ: маўляў, прабачце, але не хапае грошай.
XS
SM
MD
LG