Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ ПРАЦЯГВАЮЦЦА ПАЖАРЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенская вобласьць стала апошняй, дзе пачаліся пажары. У Гарадзенскім раёне сёньня ў агні тры гектары тарфянікаў, а ў Лідзкім пажар ахапіў 50 гектараў.

У Дубровенскім сельсавеце каля вёскі Боркі выбухнулі 18 снарадаў. Такое ж здарэньне адбылося і ў Смаргонскім раёне. Але там адзначаныя толькі два выбухі. Вайскоўцы гавораць, што снарады могуць не выбухаць, калі трапляюць у досыць мяккія тарфянікі. Прычына хутчэй за ўсё ў тым, што каля Борак быў вайсковы палігон савецкага часу. Так лічаць спэцыялісты.

Тарфянікі працягваюць гарэць. У Лідзкім раёне яны займаюць вялікую плошчу. У раёне існуюць два торфабрыкетныя заводы. У небясьпечных і цяжкадаступных месцах сталі выкарыстоўваць самалёт АН-2.

Напачатку дзейнічалі дзьве пажарныя каманды зь Ліды і адна зь Бярозаўкі. Яны працавалі па 12–15 гадзінаў. Але гэтага стала недастаткова, і выклікалі дапамогу з суседніх гарадоў, пераважна — спэцтэхніку. Пажарнікі выкарыстоўваюць у дзень каля тоны паліва. Зь Ліды на ліквідацыю пажараў забралі машыны з цыстэрнамі. Напрыклад, чатыры палівачныя машыны з жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Абласны апэратыўны дзяжурны паведаміў нашаму радыё наступныя лічбы —у Лідзкім раёне выкарыстоўваюцца 13 пажарных машын, удзельнічаюць у тушэньні 110 пажарнікаў, 20 салдатаў, а таксама працаўнікі лясной гаспадаркі й калгасаў. Пажары збольшага лякалізаваныя, але гашэньне можа зацягнуцца, — паведамілі ў абласным штабе службы надзвычайных сытуацыяў.
XS
SM
MD
LG