Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЖАБІНЦЫ ПАДПАЛІЛІ МАЛІТОЎНЫ ДОМ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Для невялiкага раённага цэнтру Жабiнка падпал малiтоўнага дому эвангельскiх хрысьцiянаў-баптыстаў стаўся сапраўды надзвычайным здарэньнем. Адным з першых аб падпале царквы даведаўся сын мясцовага прэсьвiтэра Павал Казлоў, якi паведамiў Радыё Свабода:

(Казлоў: ) “Мы хутка туды паехалi. Сам будынак царквы ўжо добра гарэў. Але мы своечасова прыехалi. Вёдрамi з вадой пачалi тушыць. Прыбеглi людзi, павыбiвалi дзьверы. А калi б пазьней прыехалi, бяда вялiкая магла здарыцца”.

Павал Казлоў таксама распавёў, што адначасова была падпаленая прыбiральня, якая знаходзiцца побач з малiтоўным домам. Яе патушыць не пасьпелi. Людзi, што ўдзельнiчалi ў ратаваньнi царквы, таксама заўважылi, што на будынку зьявiлiся надпiсы, якiя зьневажаюць баптыстаў.

Начальнiк Жабiнкоўскага раённага аддзелу ўнутраных справаў Аляксандар Грыцук сёньня заявiў, што не сумняецца ў тым, хто спрычынiўся да падпалу малiтоўнага дому. Амаль адразу пасьля здарэньня быў затрыманы 18-гадовы жыхар Жабiнкi. Паводле зьвестак мясцовых мiлiцыянтаў, ён не хавае свайго дачыненьня да групоўкi сатанiстаў, што iснуе ў раённым цэнтры.

Спадар Грыцук паведамiў, што крымiнальная справа яшчэ не заведзеная — мiлiцыянты чакаюць, пакуль сябры баптыстскай суполкi падлiчаць матэрыяльныя страты ад надзвычайнага здарэньня. Хутчэй за ўсё крымiнальная справа будзе распачатая паводле артыкулу, якi прадугледжвае пакараньне за наўмысны падпал.

Зьвяртае на сябе ўвагу тая акалiчнасьць, што жабiнкоўская мiлiцыя добра ведае пра iснаваньне ў раёне сэкты сатанiстаў, колькасьць сяброў i iхныя ўчынкi. Так, летась у верасьнi тры юнакi, што належаць да гэтай групоўкi, скралi звон з праваслаўнай званiцы ў вёсцы Зьдзiтава. Усе яны былi асуджаныя да папраўчых работаў. На розных будынках у раённым цэнтры дагэтуль рэгулярна зьяўляюцца надпiсы антыхрысьцiянскага зьместу.

Аляксандар Грыцук гаворыць, што ня толькi мiлiцыя павiнная займацца моладзю, якая прыхiльна ставiцца да сатанiзму. Але, паводле ягоных словаў, гэтая праблема мала цiкавiць мясцовыя ўлады i моладзевыя арганiзацыi кшталту БПСМ.
XS
SM
MD
LG