Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАВЯЛІ ПЕРШУЮ ЗА ДВА АПОШНІЯ ГАДЫ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Напярэдадні страйку старшыня аблвыканкаму Барыс Батура заявіў, што павелічэньня фіксаванага падатку на тэрыторыі рэгіёну блізкім часам ня будзе.

Кіраўнік вэртыкалі Магілёва Віктар Шорыкаў прапанаваў скараціціь да мінімуму тэрміны выдачы ліцэнзіяў, каб садзейнічаць стварэньню новых працоўных месцаў.

Тым ня менш, сёньня з шасьці тысяч прыватных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках абласнога цэнтру, выйшлі на працу толькі прадаўцы харчоў, якія хутка псуюцца. Астатнія рынкі пуставалі.

Страйкаў прыватных прадпрымальнікаў не было ў Магілёве апошнія два гады. З уладамі ўдавалася дамовіцца шляхам перамоваў, без правядзеньня акцыяў. Аднак цяпер сытуацыя зьмянілася.

Магілёўская арганізацыя працаўнікоў і прыватных прадпрымальнікаў Свабоднага прафсаюзу далучыла да агульнарэспубліканскіх патрабаваньняў некалькі мясцовых, у тым ліку патрабаваньні спыніць перасьлед актывістаў прадпрымальніцкіх прафсаюзаў і самавольства чыноўнікаў на ведамасных рынках, адмяніць апошняе неабгрунтаванае падвышэньне адзінага падатку.

Сваё асноўнае патрабаваньне — “Даць прадпрымальнікам магчымасьць працаваць!” — выказвалі гандляры, якія сабраліся ў цэнтры Магілёва з нагоды страйку.

(Спадарыня: ) “Хаця б далі нам працаваць так, як раней працавалі. Не рабілі бы горш. І нам добра, і бюджэту грошы патрэбныя. Інакш давядзецца зноў ісьці ў падпольле…”

(Спадар: ) “Усё вельмі проста. У дзяржавы няма грошай. Вось любымі мэтадамі іх трэба знайсьці. А дзе яны ёсць? У прадпрымальнікаў, якія працуюць з наяўнымі грашыма. Усё!”

(Спадарыня: ) “У нас такія ўлады! Па-мойму, тут трэба ўладу мяняць, а толькі потым усё зьменіцца. Усё ідзе ад галавы”.

(Спадар: ) “Стаім на каленях і ня ўзьнімемся ніколі. Прынамсі, блізкім часам”.

(Спадарыня: ) “Трэба ладзіць мітынг, ісьці да ўладаў, таму што інакш нельга. Зацягнулі нас канчаткова. У такую кабалу патрапілі!”

Кіраўнік магілёўскай арганізацыі індывідуальных прадпрымальнікаў Свабоднага прафсаюзу Сяргей Фамін лічыць, што насьпела крайняя мера — страйк.

(Фамін: ) “На сёньняшні дзень усе іншыя меры вычарапаныя, і ўзьнікла неабходнасьць правядзеньня менавіта такіх жорсткіх акцыяў. Каб да нас прыслухоўваліся, з намі лічыліся і раіліся пры прыняцьці важных для прадпрымальнікаў рашэньняў”.

Магілёўскія прадпрымальнікі сёньня так і не дачакаліся прадстаўнікоў улады. Толькі міліцыянты папярэдзілі іх аб адказнасьці за несанкцыяванае мерапрыемства ды падатковыя інспэктары патлумачылі наступствы ўсталяваньня касавых апаратаў.
XS
SM
MD
LG