Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АРШАНСКАЯ НЕДЗЯРЖАЎНАЯ ГАЗЭТА ВЫМУШАНАЯ БАРАНІЦЦА АД ГАРАДЗКІХ УЛАДАЎ З ДАПАМОГАЮ ЗАМЕЖНЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Стаўленьне аршанскіх чыноўнікаў да рэдактара недзяржаўнае газэты “Куцейна” Віктара Андрэева відавочна неабыякавае: менавіта атрыманьне ягонай прадпрымальніцкай ліцэнзіі абмяркоўвалася на асобным паседжаньні гарвыканкаму, тым часам як для іншых прадпрымальнікаў працэдура атрыманьня ліцэнзіі куды прасьцейшая. На гэтае ўчорашняе паседжаньне, дарэчы, не былі дапушчаныя ні сам спадар Андрэеў, ні юрыст Вольнага прафсаюзу Алег Граблеўскі, які звычайна прадстаўляе інтарэсы “Куцейны” ў судзе пасьля гвалтоўнае канфіскацыі рэдакцыйнае маёмасьці напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Не пусьцілі на паседжаньне гарвыканкаму і калегаў-журналістаў зь незалежных мэдыяў, прычым кіраўніца аддзелу інфармацыі Аршанскага гарвыканкаму Сьвятлана Дзямешка заявіла, што ўсе паседжаньні для іх будуць закрытыя.

Так, за зачыненымі дзьвярыма, чыноўнікі вырашылі ўсё-ткі даць спадару Андрэеву прадпрымальніцкую ліцэнзію. Дарэчы, ніхто зь іх нават і не згадаў, што леташняя ліцэнзія была адабраная ў Віктара Андрэева незаконна, што пацьверджана лістом з абласнога ўпраўленьня юстыцыі, і што аднавіць ліцэнзію гарадзкія ўлады мусілі яшчэ паўгоду таму.

Паводле словаў Віктара Андрэева, праблемы з выданьнем незалежнай газэты ў яго ўзьніклі яшчэ колькі гадоў таму – з тае пары, як у газэце “Куцейна” зьявіўся артыкул пра “кватэрныя махінацыі” з удзелам аршанскага мэра Валянціна Майсеюка. Менавіта ён абвясьціў “Куцейне” вайну ды справакаваў невырашальную сытуацыю з рэгістрацыяй газэты: ніводная гарадзкая ўстанова не наважваецца прадаставіць незалежнай газэце памяшканьне або юрыдычную адрэсу, баючыся пакараньня з боку старшыні гарвыканкаму.

Сёньня гэтая сытуацыя сапраўды падаецца Віктару Андрэеву невырашальнай, таму замест ужо добра знаёмай аршанцам “Куцейны” ён вымушаны быў зарэгістраваць іншае выданьне – “Новую газэту”, якая пасьлядоўна пяройме мэты сваёй папярэдніцы. А каб сытуацыя зь ціскам уладаў не паўтарылася, Віктар Андрэеў плянуе правесьці ў Воршы пікет у абарону незалежнага друку ды зьвярнуцца па падтрымку да калегаў-журналістаў з гарадоў-пабрацімаў Воршы ў Расеі, Баўгарыі, Малдове, Італіі ды Францыі.
XS
SM
MD
LG