Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГОМЕЛЬСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАХ ПАШЫРАЕЦЦА КАМПАНІЯ СКАРАЧЭНЬНЯ РАБОЧЫХ І СПЭЦЫЯЛІСТАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Нават цяжка назваць галіну, дзе б сытуацыя выглядала стабільнай. Скарачэньне пэрсаналу ідзе на машынабудаўнічых, хімічных заводах, прадпрыемствах лёгкай прамысловасьці.

Паводле інфармацыі гарадзкога цэнтру занятасьці насельніцтва, з пачатку году на прадпрыемствах толькі афіцыйна скарочана звыш 2600 чалавек. Так, апошнім часам на вуліцы апынуліся 107 рабочых акцыянэрнага таварыства “Карал”, 74 — прадпрыемства “Палесдрук”, 63 — фабрыкі “8 Сакавіка”.

Пастаянна зьмяншаецца колькасьць рабочых на радыёзаводзе. Нядаўна тут пазбавіліся яшчэ ад 55 чалавек. Былая тэхнік-эканаміст радыёзаводу, што назвалася Тацянай Мікалаеўнай, скардзіцца, што пасьля скарачэньня ёй цяжка знайсьці працу.

(Тацяна: ) “Складана, таму што ў прыбіральшчыцы я не пайду, у падсобныя рабочыя — таксама. Капейкі ўсюды. Не заробак, а такія ўжо капейкі, што я ня ведаю. Цяпер прыходзіцца ад усяго адмаўляцца. Раней весялей было. Хадзілі з мужам на канцэрты, адпачывалі. Цяпер марым толькі”.

Пазбаўляюцца прадпрыемствы ад рабочых і спэцыялістаў ня столькі шляхам скарачэньня, колькі стварэньнем невыносных умоваў — хранічнай нявыплатай нават мізэрнага заробку, водпускамі без утрыманьня.

На тым жа радыёзаводзе афіцыйна скарочана 55 чалавек, а пакінулі яго паводле, так бы мовіць, асабістага жаданьня — звыш двухсот. У такім разе прадпрыемству ня трэба выплачваць звольненым трохмесячную грашовую дапамогу.

На пагаршэньне ўмоваў зважае і старшыня прафкаму заводу пускавых рухавікоў Аляксандар Кізёў:

(Кізёў: ) “Асноўная маса працаўнікоў распушчаная. Хто ў адпачынак, хто за свой кошт. З 900 рабочых рэальна на дзьвюх пляцоўках працуюць па загадзе 300–350 чалавек. Як быццам робіцца ўсё знарок. Завод падводзіцца да такога стану, каб выкінуць як мага болей людзей на вуліцу”.

Ён жа паведаміў, што на заводзе людзі не атрымліваюць заробак ужо чатыры месяцы — з сакавіка.
XS
SM
MD
LG