Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДА 1 ВЕРАСЬНЯ Ў ЦЭНТРЫ БЕРАСЬЦЯ НЕ ПАВIННА ЗАСТАЦЦА НIВОДНАГА ПРЫВАТНАГА ШАПIКА


Алег Супрунюк, Берасьце

У Берасьцейскiм гарвыканкаме сёньня падцьвердзiлi, што ўжо да 1 верасьня ўсе шапiкi ў цэнтры гораду павiнны быць зьлiквiдаваныя. Выключэньне зробленае толькi для прадпрыемстваў "Белсаюздруку" i кнiжнага гандлю. Гаспадарам астатнiх шапiкаў будзе прапанавана перанесьцi свае гандлёвыя кропкi на ўскрайкi Берасьця альбо на рэчавыя рынкi. Галоўны архiтэктар гораду Алег Ляшук паведамiў, што пакуль невядома, куды дакладна будзе перанесены кожны шапiк i чыiм коштам. Але гэта не паўплывае на намер уладаў выканаць сваё рашэньне ў вызначаны тэрмiн – яшчэ да пачатку восенi.

Для прадпрымальнiкаў, што маюць шапiкi ў цэнтры Берасьця, рашэньне мясцовай вэртыкалi было зусiм нечаканым. Iх абурае, што гэтае пытаньне ўлады палiчылi залiшнiм абмяркоўваць з прадстаўнiкамi малога бiзнэсу. На думку Аляксандра Стабрэдава, сябра Саюзу прадпрымальнiкаў Берасьцейскай вобласьцi, такiм чынам ўлады пазбаўляюцца канкурэнтаў дзеля падтрымкi дзяржаўных прадпрыемстваў гандлю. Спадар Стабрэдаў лiчыць, што на гэтай падставе мясцовых чыноўнiкаў можна прыцягнуць нават да крымiнальнай адказнасьцi, бо ўмяшальнiцтва ў свабодную канкурэнцыю перасьледуецца законам.

Раней Берасьцейскi гарвыканкам прыняў рашэньне, паводле якога павялiчылiся стаўкi адзiнага падатку з кiроўцаў прыватных маршрутных таксi i асобаў, што займаюцца вырабам швейнай прадукцыi. На пытаньне, чаму менавiта прадпрымальнiкi зараз адчуваюць моцны цiск з боку мясцовых уладаў, Аляксандар Стабрэдаў адказаў наступнае:

(Стабрэдаў: ) "З прадпрымальнiкаў бяруць усе падаткi i штрафы наяўнымi грашыма абавязковым чынам. Гэта адзiная крынiца паступленьня жывых грошай. Таму цiск будзе бясконцы. Але цiснуць ужо няма куды. Многiя мае калегi стаяць перад фактам – трэба зачыняць свой бiзнэс i пераходзiць на паўлегальнае становiшча. Таму што неяк трэба харчавацца. Людзi кажуць шчыра: нам iсьцi няма куды, i працы няма".

Аляксандар Стабрэдаў таксама мяркуе, што празь некаторы час прадпрымальнiкам дазволяць зноў усталяваць шапiкi ў цэнтры Берасьця. Але чыноўнiкi запатрабуюць за гэта новых грошай.
XS
SM
MD
LG