Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАНФЛІКТ ВАКОЛ СТАРЫХ ГАБРЭЙСКІХ МОГІЛАК У МАГІЛЁВЕ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

З аднаго боку – інтарэсы гарадзкой юдэйскай абшчыны, зь іншага – магілёўцаў, пераважна – беларусаў і рускіх, якім у свой час дазволілі пахаваньні на габрэйскіх могілках. Абодва бакі канфлікту засьцерагаюць магілёўскія ўлады і адно аднаго ад распальваньня міжнацыянальнай варожасьці.

Падстава для цяперашняга канфлікту зьявілася больш за дваццаць гадоў таму, калі ўлады Магілёва дазволілі пахаваньні для ўсіх на свабоднай частцы габрэйскіх могілак, што ў цэнтры гораду.

Магілёўскія габрэі папярэджвалі гарвыканкам, што свабодная тэрыторыя могілак – вельмі невялікая, а таму падобнае рашэньне можа прывесьці да зруйнаваньня старой часткі могілак, дзе ёсьць габрэйскія пахаваньні канца 19-га – пачатка 20-га стагодзьдзяў. Так, на жаль, і здарылася насамрэч.

Распавядае старшыня Магілёўскай юдэйскай рэлігійнай абшчыны Навум Іофэ.

(Іофэ: ) “Там рабіліся і самавольныя пахаваньні, і пахаваньні за грошы. Зараз якраз ідзе расьследаваньне, і гэта ні для каго не сакрэт. Помнікі раскрадалі, вывозілі ўсё каштоўнае, зьнішчалі дрэвы, расчышчалі тэрыторыю і рабілі новыя магілы на старых пахаваньнях. Гэта, безумоўна, вандалізм”.

Летась магілёўскія габрэі, якія паставілі сабе за мэту захаваць старыя пахаваньні на сваіх могілках, ці дакладней – тое, што ад іх засталося, дамагліся падпісаньня дамовы з прадпрыемствам рытуальных паслугаў.

Юдэйская абшчына абавязалася зрабіць добраўпарадкаваньне могілак, а ўлады – больш не дазваляць хаваць на касьцях. Новыя пахаваньні могуць быць толькі на чыстай тэрыторыі, у адпаведнасьці з мапай старых могілак.

Са старой часткі могілак габрэі сабралі тры мяхі парэшткаў, пахавалі іх па сваіх законах і зьбіраюцца паставіць агульны помнік. З магілёўскімі габрэямі супрацоўнічаюць амэрыканскія грамадзяне, адзін зь якіх –Рафаіл Райхенберг – знайшоў на могілках у абласным цэнтры магілу свайго прадзеда. Амэрыканцы спансаруюць добраўпарадкаваньне габрэйскіх могілак – ад усталяваньня агароджы да тэлефанізацыі і арганізацыі аховы.

Аднак сваякі тых, чые магілы былі з дазволу гарадзкіх уладаў разьмешчаныя на старой частцы могілак, ня згодныя з палажэньнямі дамовы. Яны лічаць, што маюць права быць пахаванымі разам са сваімі блізкімі, нягледзячы ні на што, і абвінавачваюць гарвыканкам у падтрымцы інтарэсаў толькі адной нацыянальнай групы.

Справа ўскладняецца яшчэ і тым, што ў Магілёве вельмі абмежаваныя свабодныя плошчы усіх могілак, і пры захаваньні сёньняшняга ўзроўню сьмяротнасьці іх хопіць толькі на паўтары гады. Гарадзкія ўлады прапануюць на кожную магілу даваць толькі 5 квадратных мэтраў замест дзевяці.

Канчаткова вырашыць статус габрэйскіх могілак – грамадзкі альбо вераспавядальны – павінен Магілёўскі гарадзкі савет, над чым зараз працуе адмысловая дэпутацкая камісія.

Кіраўнік гарадзкой юдэйскай рэлігійнай абшчыны Навум Іофэ катэгарычна супраць трактоўкі гэтага канфлікту як міжнацыяльнальнай спрэчкі. Ён настойвае на тым, што гэта пытаньне маральнасьці і папросту трэба зразумець, што нельга хаваць на касьцях. Між тым, Навум Іофэ не адмаўляе, што ёсьць людзі, зацікаўленыя ў распальваньні нацыянальнай варожасьці.

(Іофэ: ) “Безумоўна, ёсьць сілы, якія заўсёды лічылі, што ва ўсім вінаватыя габрэі. Вось яны і хочуць прадоўжыць. Нехта ж пусьціў пагалоскі ў Магілёве, што абшчына будзе зьнішчаць рускія помнікі і рабіць перапахаваньні. Гэта поўнае глупства!”

На гэтым настойвае старшыня юдэйскай абшчыны. Аднак разам з тым магілёўскія габрэі заяўляюць, што больш не дадуць нікому і ніколі зарабляць на касьцях сваіх продкаў.
XS
SM
MD
LG