Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАРАЧАЮЦЬ РАБОТНІКАЎ БАБРУЙСКАЙ “БЕЛШЫНЫ”


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск

Адміністрацыя шыннага камбінату і мясцовыя ўлады праводзяць скарачэньні “малымі партыямі”, па паўсотні чалавек, каб пазьбегнуць сацыяльнага выбуху.

Траціна сем’яў у горадзе Бабруйску і іхны дабрабыт залежаць ад працаздольнасьці Беларускага шыннага камбінату. “Белшына”, хоць і павялічвае аб’ёмы вытворчасьці, але працуе са стратамі. Вінавацяць у такой сытуацыі расейцаў, якія абараняюць сваіх вытворцаў шын і прадаюць бабруйчанам сыравіну (сынтэтычны каўчук) у тры разы даражэй. Акцыянаваньне і прыход расейскага інвэстара цяпер лічыцца адзіным выйсьцем для прадпрыемства.

Аднак пакуль цьвёрдых прапановаў ад патэнцыйных інвэстараў у бабруйскіх шыньнікаў няма. Цікавасьць фірмы “Мішлен” на “Белшыне” расцанілі як прамысловы шпіянаж, а буйныя расейскія нафтавыя кампаніі не сьпяшаюцца выдаткоўваць грошы на Беларускі шынны камбінат, які ацэнены на 200 мільёнаў даляраў.

Пры падрыхтоўцы да акцыянаваньня “Белшына” пазбаўляецца ўсяго лішняга, што прыносіць страты. У першую чаргу, гэта вялізная сацыяльная сфэра. На балянс гораду Бабруйску перайшлі 16 дзіцячых установаў. Саўгас “Шыньнік” перададзены ў склад Кіраўскага сельскага раёну, цяплічную гаспадарку забраў Бабруйскі раён. Рэстрацыю і гатэль “Юбілейны” атрымаў у гаспадарчае карыстаньне футбольны клюб “Белшына”.

У выніку перадачы сацыяльнай сфэры “Белшыны” новым уласьнікам бяз працы засталося больш за 600 чалавек. Новае кіраўніцтва ўстановаў будзе самайстойна вырашаць, каго прымаць на працу, а каго не.

Таксама і на самім камбінаце пачаліся скарачэньні рабочых і інжынэраў. У Бабруйскім гарвыканкаме паступова атрымліваюць сьпісы на скарачэньне людзей, кожны зь якіх утрымлівае да сотні прозьвішчаў. Гаворыць кіраўнік вэртыкалі гораду Міхаіл Бандарэнка.

(Бандарэнка: ) “Самае галоўнае тут — паступовасьць і ўзгодненасьць з намі, гарадзкімі ўладамі. Атрымліваем па 50–70 чалавек, патрохі іх, як бы мовіць, “расьпіхваем”. Нехта пераходзіць на сваі хлябы: маю на ўвазе, пачынае “чаўночыць”, а хто ставіць кіёск і пачынае гандляваць”.

Аднак старшыня Бабруйскага гарвыканкаму прадбачыць павелічэньне ўзроўню беспрацоўя ў горадзе.

(Бандарэнка: ) “Цяжка. У нас беспрацоўе — 2,7–2,8%. Шынны камбінат нам гэты паказчык за лічбу “тры” перакіне. Але галоўнае, каб гэта было неаднамомантна — маўляў, вось вам 2400 чалавек. Гэты натоўп выйшаў і усё!”

Днямі ліквідаванае структурнае падразьдзяленьне “Белшыны” — завод звышбуйнагабарытных шын. Вытворчасьць закансэрваваная. Рабочыя ў большасьці адпраўленыя на іншы завод, а вось упраўленцы, паўсотні чалавек, скарочаныя.

Калектыў ліквідаванага заводу спрабаваў з гэтай нагоды правесьці канфэрэнцыю, але кворум сабраць не ўдалося. Улады і кіраўніцтва “Белшыны” настойліва раяць працоўным прыняць скарачэньні як аб’ектыўную неабходнасьць.
XS
SM
MD
LG