Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ З ПРЫЧЫНЫ СЬПЯКОТЫ СЬПІСВАЮЦЬ ПАСЯЎНЫЯ ПЛОШЧЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Ад сухога і сьпякотнага надвор’я ў Магілёўскай вобласьці пацярпела да 5% пасяўных плошчаў збожжавых культур. Такая папярэдняя інфармацыя Камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Магілёўскага аблвыканкаму. Будзе сьпісана прыкладна 10–15 тысяч гектараў.

Тэрмінова пачалася ўборачная кампанія, каб уратаваць тое, што засталося — бяз новых стратаў і своечасова. Аднак прагнозы на ўраджай зараз даволі цьмяныя. Пра гэта гаворыць старшыня аблсельгасхарчу Магілёўскай вобласьці Валеры Літвінаў:

(Літвінаў: ) “Зерне ўсыхае зараз. У гэты час якраз патрэбныя дажджы, бо ідзе наліваньне зерня. А калі яно не атрымлівае вільгаці, то будзе дробным. Але пажывем і пабачым, які будзе ўраджай, калі ўбярэм”.

Падобныя тэмпэратуры паветра — каля 34 градусаў па Цэльсію — назіраліся ў рэгіёне ў ліпені мінулага году, а таксама ў 1999-м. Раней, гавораць сыноптыкі, такая сьпякота здаралася на Магілёўшчыне толькі раз на 7–10 гадоў, але, відаць, у клімаце адбываюцца зьмяненьні.

Між тым, мэдыкі сьцьвярджаюць, што генэтычна беларусы не прыстасаваныя да вялікіх тэмпэратураў і іх перападаў, таму такую сьпякоту цяжка пераносіць ня толькі дзецям і старым людзям, але і маладым. Лекары рэкамэндуюць сіесты, але такіх перапынкаў у працоўным дні пакуль не прадугледжваецца.

На фоне сьпякоты ў людзей абвастраюцца хранічныя захворваньні. Зараз штодзень у абласным цэнтры рэгіструецца больш за 400 выклікаў хуткай дапамогі. Кіраўнік Магілёўскай гарадзкой станцыі Леанід Казак кажа, што гэта звычайная сытуацыя.

(Казак: ) “Пакуль у нас усё нармалёва. Цячэ, як і належна”.

Леанід Казак запэўнівае, што дактары са сьпякотай і яе дрэнным уплывам справяцца. Яны рэкамэндуюць людзям абмежаваць ужываньне сьпіртных напояў, тытуню ды кавы. А таксама сачыць за чысьцінёй ежы і рук, бо сьпякота — гэта яшчэ і пэрыяд усплёску кішэчных захворваньняў.

Цяпер адбываюцца масавыя праверкі харчаваньня, пітной вады і стану вадаёмаў. Магілёўскія эпідэміёлягі запэўніваюць, што ўсё пералічанае — у межах нормы.

На жаль, сыноптыкі не абяцаюць зьніжэньня тэмпэратуры паветра. Усім цікаўным праз тэлефон Магілёўскага абласнога цэнтру гідрамэтэаралёгіі і радыяцыйнага кантролю гавораць наступнае:

(Спадарыня: ) “Сьпякота пакуль не спадзе”.

Больш за тое, тэмпэратура паветра яшчэ і павысіцца да 34 градусаў па Цэльсію і болей, а на невялікія ападкі месцамі па Магілёўскай вобласьці ёсьць надзея толькі 15 ліпеня.
XS
SM
MD
LG