Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮБІЛЕЙНЫ ФЭСТЫВАЛЬ “МАГУТНЫ БОЖА” ПРАХОДЗІЦЬ У МАГІЛЁВЕ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Сёлетняе сьвята духоўнай музыкі “Магутны Божа” вылучаецца пэўнай камэрцыялізацыяй: канцэрты фэстывалю ўпершыню сталі для публікі платныя, і на іх будуць выступаць і артысты эстрады.

Дзесяць гадоў таму фэстываль духоўнай музыкі і сьпеваў “Магутны Божа” нарадзіўся на хвалі нацыянальнага адраджэньня і дэмакратызацыі дзякуючы намаганьням каталіцкай царквы ў Магілёве і грамадзкім актывістам. Візытоўкай гэтага музычнага сьвята сталі рэлігійны гімн “Магутны Божа” на словы Натальлі Арсеньневай і музыку Міколы Равенскага, экумэнічная ідэя і бел-чырвона-белыя сьцягі ў канцэртных залях. Гасьцямі першых магілёўскіх фэстываляў былі Зянон Пазьняк і Юры Хадыка.

Аднак час зьмяніўся, і да арганізацыі фэстывалю непасрэднае дачыненьне стала мець вэртыкаль абласнога цэнтру. І адразу часткай гісторыі фэстывалю стала забарона канцэрту беларускіх рок-гуртоў. Але заснавальнікі сьвята “Магутны Божа” лічаць самым галоўным тое, што фэстываль удалося захаваць.

Гаворыць дырэктар-распарадчык фэстывалю, ксёндз-пробашч касьцёлу Сьвятога Станіслава Раман Факсіньскі:

(Факсіньскі: ) “Думаю, што гэты фэстываль выходзіць за рамкі. Калі хто хоча яго прыцясьняць, то ня можа гэтага зрабіць. Бог — усемагутны, усё можа. Гэты божы дух на гэтым фэстывалі ёсьць”.

Раней экумэнічны фэстываль “Магутны Божа” меў праблемы з Магілёўскай праваслаўнай япархіяй пад уплывам ейнага былога кіраўніка архіяпіскапа Максіма. Сёлета праваслаўныя сьвятары дэманструюць аднадумства з каталікамі і спансаруюць прыезд на фэстываль праваслаўных харавых калектываў.

Эстрадныя выканаўцы — не перашкода духоўнай музыцы, лічыць ксёндз Раман Факсіньскі і цытуе Кліфа Рычардза: “Хопіць сьпяваць для сатаны, хачу сьпяваць для Бога”. На наступным фэстывалі плянуецца арганізоўваць канцэрты для моладзі нават на магілёўскім стадыёне.

Упершыню за дзесяцігадовую гісторыю фэстывалю “Магутны Божа” канцэрты духоўнай музыкі будуць платныя, у тым ліку і ў касьцёле Сьвятога Станіслава. Квіткі каштуюць ад 500 рублёў да 3 тысяч рублёў. Арганізатары гавораць, што эканамічны стан адбіваецца і на справах фэстывалю. З гарадзкога бюджэту выдаткавана 12 мільёнаў рублёў, астатнія сродкі — фундатараў, сяброў Рамана Факсіньскага.

Ксёндз-пробашч таксама паведаміў, што фэстываль наведаюць па ягоным запрашэньні прадстаўнікі амабасадаў у Беларусі, у тым ліку і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

(Факсіньскі: ) “Зацікаўленыя такімі праявамі культуры беларускай, яны хочуць знаёміцца. Наш фэстываль служыць разьвіцьцю духоўнай культуры Беларусі. Музыкі духоўнай 11–12 гадоў таму не было ў Беларусі, была проста забарона, нельга было яе выконваць. Сёньня мы можам радавацца, што яна існуе, і яны хочуць нас у гэтым падтрымліваць”.
XS
SM
MD
LG