Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОТНІЦЫ КРЫЧАЎСКАГА ЗАВОДУ ГУМАВЫХ ВЫРАБАЎ НЯ ХОЧУЦЬ ПРАЦАВАЦЬ У ВЫХОДНЫЯ І СЬВЯТЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Перавесьці цэх, дзе працуе больш за 200 жанчын, на новы працоўны графік адміністрацыя заводу вырашыла ў сувязі зь вялікім кантрактам на пастаўку гумавых галёшаў у Афганістан. Але жанчыны вырашылі, што працаваць без выходных дзён пры заробку 70–90 тысяч рублёў ня мае сэнсу. Таму ў панядзелак яны прыпынілі працу на дзьве гадзіны, каб высьветліць сытуацыю.

Гумавы завод у Крычаве, які яшчэ некалькі гадоў страсалі акцыі пратэсту ў сувязі са спыненьнем вытворчасьці й нявыплатай заробкаў, выправіў сваё становішча з дапамогай востраносых чорных галёшаў так званага ўсходняга тыпу. Яны неверагодна папулярныя ў Дагестане, Чачэніі, Узбэкістане, Афганістане. Таму ў другім цаху былі адпаведна ўведзеныя дадатковыя працоўныя зьмены і канвэеры. Аднак больш эфэктыўная праца, лічаць працаўніцы заводу, не адбіваецца на іхных заробках, за якія немагчыма пракарміць сям’ю.

Пасьля нэрвовых размоваў на працягу дзьвюх гадзінаў супрацоўніцы другога цэху вярнуліся на канвэер, але так і не далі згоды на дадатковыя працоўныя дні. Кіраўніцтва крычаўскай вэртыкалі бачыць у правядзеньні акцыі пратэсту на прадпрыемстве ўплыў мясцовых актывістаў апазыцыі.
XS
SM
MD
LG