Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЬВЕТЛАГОРСКІЯ ЛІЦЭІСТЫ ВЫПРАВІЛІСЯ НА АРХЕАЛЯГІЧНЫЯ РАСКОПКІ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

Сёньня ў Сьветлагорску ўдзельнікі археалягічнай экспэдыцыі прайшлі адмысловы інструктаж і асабістымі подпісамі пацьвердзілі веданьне правілаў бясьпекі пры раскопках. Заўтра яны накіроўваюцца ў Жлобінскі раён, на гарадзішча блізу вёскі Адрубы. Там два тыдні маладыя археолягі пад кіраўніцтвам супрацоўніцы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Натальлі Дубіцкай і выкладчыцы ліцэю Алены Масьлюковай будуць працягваць раскопкі старажытнага паселішча сваіх продкаў.

Археалягічныя экспэдыцыі сьветлагорскай моладзі сем гадоў былі па сутнасьці працягам навучальна-выхаваўчай працы гуманітарнага беларускамоўнага ліцэю. Летась гарадзкія ўлады зачынілі яго, нягледзячы на моцны пратэст ліцэістаў. Навучэнцаў перавялі ў гарадзкую сярэднюю школу №1.

Аднак з надыходам вакацыяў выкладчыца Алена Масьлюкова вырашыла працягваць распачатыя раней раскопкі старажытнага гарадзішча каля ракі Бярэзіны.

(Масьлюкова: ) “Навучэнцы нашыя апошні раз былі летась у экспэдыцыі, калі яшчэ існаваў ліцэй. Ім вельмі там спадабалася — і гэтае месца маляўнічае, маленечкі куток Беларусі, нашай малой радзімы. Па-другое, яны адчуваюць сябе ліцэістамі й лічаць экспэдыцыю ня проста практыкай, а цікавай справай, якую яны спалучаюць з адпачынкам”.

З захапленьнем адгукаюцца пра экспэдыцыю і ейныя ўдзельнікі. Вось што заявіла ліцэістка Ірына Дайнэка:

(Дайнэка: ) “Рамантыка, канечне. Там вельмі прыгожая прырода, навакольле”.

Апроч ліцэістаў у экспэдыцыі бяруць удзел старшаклясьнікі Кабанаўскай сярэдняй школы Жлобінскага раёну. У групе разам з навукоўцамі Інстытуту гісторыі і мастаком — 21 чалавек. Жыць усе яны будуць у намётах, а ежу гатаваць на вогнішчы. Праца штодня будзе займаць чатыры гадзіны, астатні час — адпачынак.

Гарадзішча, дзе распачалі раскопкі, адносіцца да раньняга жалезнага веку. Навукоўцы выказваюць меркаваньне, што пасяленьне належала праславянскім продкам.

Ці адбудуцца падобныя экспэдыцыі ў наступныя гады, Алена Масьлюкова ня ведае. Пасьля закрыцьця ліцэю сьветлагорскія ўлады, і найперш аддзел адукацыі, скарачаюць нават і ліцэйскія клясы.

(Масьлюкова: ) “У гэтым годзе адміністрацыя, перш за ўсё раённы аддзел адукацыі, абсалютна нічога не зрабіла, каб працягнуць гэтую справу. Не далі нам набраць яшчэ адну, 10 клясу. Спаслаліся на тое, што ліцэйская кляса павінна пачынацца з 8 клясы. Летась яны не далі нам набраць 9 клясу, аргумэнтуючы тым, што ліцэйскія клясы — гэта толькі дзясятая і адзінаццатая”.
XS
SM
MD
LG