Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕРАСЬЦЕЙСКІМ БЮДЖЭЦЕ НЯМА ГРОШАЙ НА ЗАРОБКІ ЛЕКАРАМ ХУТКАЙ ДАПАМОГІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Затрымкi з выплатай заробку сталiся ўжо тыповай зьявай для берасьцейскiх мэдыкаў. Але мясцовыя лекары спадзявалiся, што запазычанасьць будзе нарэшце лiквiдаваная напярэдаднi прафэсiйнага сьвята. Замест гэтага ўлады падрыхтавалi для мэдыкаў, так бы мовiць, адмысловы падарунак. Своечасова атрымаць заробленыя грошы ня здолелi ўжо ня толькi супрацоўнiкi невялiкiх мэдычных установаў, але i пэрсанал дзьвюх найбуйнейшых палiклiнiк Берасьця i гарадзкой станцыi хуткай дапамогi.

Загадчыца аддзелу аховы здароўя Берасьцейскага гарвыканкаму Iрына Чарнякова лiчыць гэта выпадковай зьявай.

(Чарнякова: ) “Гэта проста неардынарная атрымалася сытуацыя, у сувязi з тым, што адначасова iдзе выплата адпускных пэдагогам. Акрамя таго, шмат грошай прыйшлося выдаткаваць на лiквiдацыю аварыі на помпавай станцыi. Ну i вы ведаеце, што некаторыя прадпрыемствы дрэнна працуюць, ня плацяць падаткi, i мы ня можам своечасова разьлiчыцца зь бюджэтнай сфэрай”.

Размовы пра тое, што дрэнна працуе прамысловасьць, зусiм не суцяшаюць супрацоўнiкаў Берасьцейскай станцыi хуткай мэдычнай дапамогi, якiя дагэтуль ня могуць атрымаць свой заробак. Паводле словаў старшынi прафкаму гэтай установы Юрыя Цiвунова, у калектыве ўжо гучаць прапановы выехаць на машынах хуткай дапамогi да гарвыканкаму, каб улады ўрэшце пачулi пра праблемы мэдыкаў.

Спадар Цiвуноў гаворыць, што ён разумее сваiх калегаў, якiя працуюць у шпiталях i атрымліваюць хабар. “Мы iх не асуджаем, таму што цудоўна разумеем, што мэдыку немагчыма пражыць на адну зарплату, якую яшчэ i затрымлiваюць. А нам, быццам, i няма за што даваць хабар”, — кажа Юры Цiвуноў. Паводле словаў старшынi прафкаму, калi стан ня будзе выпраўлены ў найблiжэйшы час, устрымаць людзей ад рашучых дзеяньняў будзе цяжка.
XS
SM
MD
LG